верхаўё, ‑я, н., зб.
Разм. Верхняя частка спілаванага і ачышчанага ад галля дрэва. [Буднік:] — Дзялянка вялікая, хаця б да вясны ўправіліся паваліць. А падборка верхаўя, сучча, ламачча мала зойме? Ермаловіч.
верхне... (а таксама верхня...).
Першая састаўная частка складаных слоў са значэннем: які размяшчаецца або ўзнікае ў верхняй частцы чаго‑н., напрыклад: верхнедняпроўскі, верхнезубны, верхняволжскі.
ве́рхні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца зверху, размешчаны на версе. Верхні слой. Верхні камень (у млыне). Верхняя губа. □ Дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Лынькоў.
2. Які надзяваецца зверху на што‑н. Верхняя кашуля. Верхняе адзенне. □ Люба скінула верхнюю вопратку і сця[гну]ла з пляча кашулю. Чорны. // Прызначаны для нашэння зверху. Верхні трыкатаж.
3. Блізкі да вытокаў. Раскаты гарматных стрэлаў.. даляталі сюды аднекуль злева, з верхняга цячэння ракі. Лынькоў.
4. Аб гуках, нотах: высокі. Верхні рэгістр.
5. Вышэйшы пункт вагання чаго‑н. Верхні ціск крыві. Гук верхняга пад’ёму.
верхня... (гл. верхне...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «верхне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: верхнялужыцкі.
верціхво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. неадабр. Жанчына легкадумных паводзін; шалахвостка.
верць, выкл. у знач. вык.
Ужываецца паводле знач. дзеясл. вярцець — вярцецца, павярнуць — павярнуцца.
•••
Хоць круць-верць, хоць верць-круць — як ні рабі, няма выхаду.
верч, вярча, м.
Абл. Скрутак чаго‑н. (дроту, кабелю, вяроўкі, луцця). У калгасным свірне ляжалі белыя і мядзяныя бухты дроту, чорныя вярчы тоўстага кабелю. Паслядовіч.
верш, ‑а, м.
1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.
2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.
3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.
•••
Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.
Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.
Белы верш — тое, што і вольны верш.
Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.
Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.
ве́рша, ‑ы, ж.
Рыбалоўная конусападобная прылада з дубцоў або дроту. Вельмі цікава паглядзець, як прыходзіць які-небудзь паўстынскі дзядзька з мехам выбіраць замёрзлую рыбу з пастаўленай нанач у палонцы вершы... Васілевіч.
вершава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да верша, вершаскладання. Вершаваная форма. // Уласцівы паэтычнай мове. Вершаваная мова.
2. Напісаны вершамі, не празаічны. Вершаваны фельетон.