шыракапо́лы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокія полы. [Незнаёмы] з’яўляўся на сцэну ў доўгім чорным палітоне і шыракаполым капелюшы. Рамановіч.
шыракара́дны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з прымяненнем шырокіх міжрадкоўяў пры сяўбе некаторых сельскагаспадарчых культур. Шыракарадная сяўба. // Прызначаны для такой сяўбы. Шыракарадныя сеялкі.
шыракаро́ты, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокі рот. Пакуль той, вялы, сабраўся з адказам, у гутарку іх умяшаўся другі, .. шыракароты, у чырвоным чэшскім галіфэ. Брыль.
шыракаску́лы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокія скулы. Гэта сапраўды быў Дрозд — шыракаскулы, са смяшлівымі вачыма. Хомчанка. / у знач. наз. шыракаску́лы, ‑ага, м. — Няўжо так і не помніш? Хе-хе-хе! — засмяяўся шыракаскулы. Сіняўскі.
шыракатва́ры, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокі твар. Каржакаваты, шыракатвары Смірноў спакойна крочыць побач. Навуменка. У вызначаным месцы Валодзю чакаў Сяргееў з прысадзістым шыракатварым хлопцам. Федасеенка.
шырата́, ‑ы, ДМ ‑раце; мн. шыроты, ‑рот; ж.
У геаграфіі — адна з каардынат, якая вызначае месцазнаходжанне пункта па зямной паверхні; адлегласць ад экватара па мерыдыяну, якая выражаецца ў градусах. 1 студзеня 1820 года шлюпы.. дасягнулі 69°21′ паўднёвай шыраты. «Беларусь». // толькі мн. (шыро́ты, ‑рот). Месца, мясцовасць, якія знаходзяцца на той ці іншай адлегласці ад экватара. Высокія шыроты. □ Радыст з Беларусі, змакрэлы ад поту, лавіў галасы незнаёмых шырот. Вялюгін. Некаторыя відныя кіраўнікі і нават вучоныя пярэчылі ўкараненню новага незвычайнага ў нашых шыротах тыпу будынкаў. Дуброўскі.
шырачэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вельмі шырокі. Нёман ператварыўся ў шырачэзную, як акінуць вокам, рэчку. Пальчэўскі. Сінь у шырачэзных вокнах цэха пасвятлела, рассеялася. Хадкевіч. Марак красаваўся ў шырачэзным клёшы. Даніленка.
шырачэ́ць, ‑эе; незак.
Разм. Станавіцца, рабіцца больш шырокім.
шы́рма, ‑ы, ж.
1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.
2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. — Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.
[Ням. Schirm.]
шыро́зны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вельмі шырокі. У стэп шырозны Машыны гулкія пайшлі. Калачынскі. І сонца Вітае Шырозныя шумныя кроны, Дзе Свіслач малая Бруіцца З Лагойшчыны сонна. Дзеружынскі.