Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шып 1, ‑а, м.

1. Востраканцовы цвёрды выступ, нарасць на целе ў некаторых жывёл.

2. Невялікі выступ на падэшвах спартыўнага абутку, колах, гусеніцах аўтамашын, трактароў і пад., які садзейнічае счэпліванню з глебай, служыць для лепшага ўпору пры руху. Скрут з Балашам адправіліся да горкага хрыбта. Узброіліся зусім па-зямному — альпенштокамі, апранулі чаравікі з вострымі шыпамі. Шыцік.

3. Спец. Канцавая частка вала, якой ён абапіраецца на падшыпнік; цапфа.

шып 2, ‑а, м.

Буйная прамысловая рыба сямейства асятровых, якая водзіцца ў Чорным, Азоўскім, Аральскім і Каспійскім марах.

шып 3, ‑у, м.

Тое, што і шыпенне. Вясною той, уначы, — а бачылі тое жыхары з Міра, Нясвіжа, .. — з шыпам і свістам прамчаў па небе агнявы змій з доўгім зыркім хвастом. Караткевіч. Ходзіць — нос па ветру носіць: — Тут нядобра, дрэнна там! — Шып яе змяінай злосці Даўся ў знакі батракам. А. Александровіч.

шыпавы́, ‑ая, ‑ое.

Які застаецца, атрымліваецца ад шыпоў ​1 (у 2 знач.). Шыпавы след.

шыпе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шыпець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Знізу, з вуліцы далятаў гоман людзей, шыпенне шын па нагрэтым асфальце. Шамякін. Над коламі-бегункамі ў паравоза з шыпеннем вырвалася клубкаватая белая пара. Карпаў.

шыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць доўгі гук «ш-ш». Сярод падворка гусак грозна шыпеў на курэй. Карпюк. Вожык скруціўся ў клубок, а гадзюка, якую ён схапіў за хвост, шыпіць і стараецца ўкусіць яго. Ляўданскі. Толькі шыпеў кнот у лямпе. Асіпенка. / Пра яду, якая смажыцца і пад. На патэльні шыпела смажаная рыба. Шашкоў. / Пра дрэва, якое гарыць, распалены прадмет, палітыя вадой і пад. Шыпяць кулямётаў ствалы, Аж пара над імі віецца. Бялевіч. / Пра пару, газ, паветра і пад., якія выходзяць адкуль‑н. пад ціскам. Ззаду ярасна шыпеў, аднастайна гуў гарачы газавы струмень. Гамолка. Чутно было, як надрыўна шыпела пара, нешта трашчала, скрыпела, ламалася. Лынькоў. / Пра пену, хвалі і пад. Хвалі адна за адною набягаюць на бераг, шуршаць і шыпяць у рознакаляровых каменьчыках галькі. Паслядовіч. / Пра работу якіх‑н. механізмаў. Круціліся барабаны, шыпелі кампрэсары. Шыцік. На сцяне вялікі старынны гадзіннік шыпеў і адбіваў час. Грахоўскі.

2. Вымаўляць доўгі гук «ш-ш», патрабуючы цішыні, супакойваючы каго‑н.

3. Шапялявіць, гаварыць словамі, у якіх свісцячыя вымаўляюцца як шыпячыя гукі. — Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама... — у яго [Садоўнікава], наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць. Васілевіч.

4. Разм. Гаварыць здушаным, сіплым голасам, у якім адчуваюцца злосць, раздражненне і пад.; злоснічаць. — А ты не ведаеш? Забылася? — шыпела старая, калоцячыся, нібы ў ліхаманцы. Паўлаў. — Даўно я цябе не вучыў! — шыпеў Дракула, набіраючыся злосці. Якімовіч.

шыпо́ўкі, ‑повак; адз. шыпоўка, ‑і, ДМ ‑поўцы; ж.

Спартыўны абутак з шыпамі (выступамі) на падэшве для лёгкаатлетаў, бегуноў.

шыпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Іголкі, ігліца ў хваёвых раслін. Пад адной магутнай елкай я знаходжу зручнае месца, каб адпачыць, зграбаю вялікую кучу прэлай шыпулькі і саджуся на яе, нібы на падушку. Хомчанка. — На паўвяршка выцягнуліся, — сказала.. [Васіліна], кратаючы пальцамі маладыя шыпулькі ялінак. Савіцкі. Самая-самая верхавінка маладой сасонкі падобна на вожыка. Вострыя шыпулькі тырчаць угору. Бяспалы.

шыпу́н 1, ‑а, м.

1. Від лебедзя з чырвона-чорнай дзюбай і моцна выгнутай шыяй, які жыве па лесастэпавых азёрах; птушка атрада гусепадобных. Буслы.. з цікавасцю разглядалі шыпуна і не саступалі з месца. Пальчэўскі.

2. Разм. Той, хто шыпіць (у 4 знач.).

шыпу́н 2, ‑у, м.

Спец. Густы накіп пры плаўцы чыгуну.

шыпу́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць шыпучага.

шыпу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм. Шыпучы напітак. Піць шыпучку.

шыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае шыпенне. Шыпучая змяя. □ А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу. Брыль. Як гаварыў [мужчына], дык праз зубы ішоў у яго шыпучы свіст. Чорны. // Які шыпіць ад выдзялення вуглякіслага газу (пра напіткі). Я выпіў шыпучай вады, уголас падбадзёрыў сябе: — Нічога, перажывём... Пінчук.