шы́на, ‑ы, ж.
1. Металічны абруч, нацягнуты на вобад кола, полаза для большай трываласці. — Ого, пры кузні, браце, такі камень надта ж патрэбен — шыны на колы нацягваць. Арочка. Конь тузануўся рыўком: зашаргацелі шыны — сані лёгка пайшлі па лёдзе. Лецка. Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай. Пташнікаў.
2. Суцэльная гумавая пакрышка, абалонка з напоўненай паветрам гумавай камерай, якія надзяваюцца на вобад кола для паляпшэння руху, павелічэння амартызацыі. Гумавыя шыны лёгка скакалі па карэннях, і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.
3. Спец. Прыстасаванне ў выглядзе некалькіх дошчачак і бінтоў або жгутоў для накладвання павязкі, якая забяспечвае нерухомасць пашкоджаных частак цела. Правая нага.. [японца], узятая ў шыны, была падваокана і выцягнута над ложкам. Лынькоў.
4. У электратэхніцы — медны, алюмініевы або стальны праваднік (прамавугольнага ці круглага сячэння), які выкарыстоўваецца для вялікіх токаў.
[Ням. Schiene.]
шынарамо́нтны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рамонту шын; які робіць рамонт шын. Шынарамонтны завод.
шы́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шынкі. Шыначнае мяса.
шыне́ль, ‑няля, м.
Форменнае паліто спецыяльнага пакрою, са складкай на спіне і хлясцікам. У гэты час да стала падышоў малады рослы ў вайсковым шынялі хлапец. Сташэўскі. Тады, калі Віктар апранаў новы шынель, гімнасцёрку, ватнікі, яму стала шкада запаснога палка. Навуменка.
[Ад фр. chenille.]
шыне́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шыняля; прызначаны для шыняля. Шынельнае сукно.
2. у знач. наз. шыне́льная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе здымаюць шынялі, галаўныя ўборы.
шы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Сцегнавая ці лапатачная частка тушы свінні або барана, адпаведным чынам прыгатаваная для ўжывання. Вепручок рос ладны, ружовы, таму на вялікдзень былі на стале і шынка з мяккім сальцам, і мармуровыя каркавіны, і вэнджаныя кілбасы з пахучым кменам. Рамановіч. У маёнтку князя Абхазава яшчэ не страцілі смаку да вяпровай шынкі. Самуйлёнак.
[Ням. Schinken.]
шынка́р, ‑а, м.
Уст.
1. Уладальнік шынка або прадавец спіртных напіткаў у ім. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас.
2. Асоба, якая займаецца шынкарствам.
шынка́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Уст. Жан. да шынкар.
шынка́рскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да шынкара. Шынкарскае жыццё.
шынка́рства, ‑а, н.
Уст.
1. Утрыманне шынка як род занятку.
2. Забаронены законам выраб і гандаль спіртнымі напіткамі.