Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шыфанье́р, ‑а, м.

Шафа для бялізны, адзення. Кватэру нам добрую далі, і абсталяваліся мы неяк адразу. Купілі ложак, тахту добрую, шыфаньер. Сапрыка.

[Фр. chiffonier.]

шыфанье́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Тое, што і шыфаньер.

шы́фер, ‑у, м.

1. Чорны або шэры гліністы сланец. Здабыванне шыферу.

2. Будаўнічы матэрыял у выглядзе плітак або лістоў з такога сланцу, які ўжываецца для пакрыцця даху. Будуць узводзіць другі паверх [будынка], затым ставіць кроквы, каб заўтра шыферам накрыць. Гроднеў. На страсе цесля Лявон клаў апошнія аркушы шыферу. Дубоўка.

[Ням. Schiefer.]

шы́ферны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шыферу (у 1 знач.); складаецца з шыферу. Шыферныя распрацоўкі. // Які зроблены з шыферу. Шыферны дах.

2. Які вырабляе шыфер (у 2 знач.). [Івана Кузьміча] цягнула дамоў, на родны цэментна-шыферны камбінат, да любімых гігантаў — вярчальных печаў. М. Ткачоў. // Пакрыты шыферам. Чародка хат пад шыфернымі стрэхамі на ўзгорку хутка схавалася за бярозавым узлессем. Савіцкі.

шыфо́н, ‑у, м.

Тонкая баваўняная або шаўковая тканіна.

[Ад фр. chiffon — ануча.]

шыфо́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыфону; пашыты, зроблены з шыфону. У белай шыфонавай кофтачцы і яркай, знарок пашытай для дачы, паркалёвай сіняй спадніцы .. [Вера] здавалася зграбнай, маладой. Карпаў.

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

шыфрава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыфравання, шыфроўкі. Пасля сваёй прыгоды Віктар напаткаў знаёмага малодшага лейтэнанта з аддзела шыфравальнай службы і пайшоў побач з ім. Навуменка.

шыфрава́льшчык, ‑а, м.

Спецыяліст па шыфраванню ці расшыфроўцы.

шыфрава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шыфраваць.