Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шы́ла, ‑а, н.

Інструмент у выглядзе завостранага металічнага стрыжня з дзяржальнам для праколвання дзірак, які ўжываецца ў шавецкай і рымарскай справе. Бацьку абрыдлі дратва, шыла і малаток, яго рукі засумавалі па плузе і касе, а сэрца рвалася на лясное прыволле. С. Александровіч. Усе майстры з усяго царства з’явіліся ў сталіцу — .. сталяры з піламі, шаўцы з шыламі... Якімовіч.

•••

Хапіць шылам кашы (патакі) гл. хапіць.

шылава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае востры, завостраны канец, верх. — Го! Падмога прыйшла! — схаваў у шылаватых вусах усмешку дзядзька Тодар. — Гэта добра, што вы самі, без брыгадзіравага нараду, з’явіліся. Даніленка. І вось ужо вёска. Шылаватыя чарапічныя дахі; вішні белыя і яблыні ў пеністай ружовай квецені. Ракітны.

шыладзю́б, ‑а, м.

Птушка сямейства ржанкавых з доўгай, тонкай, закручанай угору дзюбай.

шылападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які сваім знешнім выглядам, формай нагадвае шыла. Шылападобная дзюба.

шылахво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Дзікая качка з доўгім шылападобным хвастом.

шы́лінг, ‑а, м.

1. Англійская манета, роўная 1/20 фунта стэрлінгаў; грашовая адзінка адпаведнай вартасці.

2. Грашовая адзінка Аўстрыі, роўная 100 аўстрыйскім грошам.

[Англ. shilling.]

шы́льда, ‑ы, М ‑дзе, ж.

Дошка з надпісам назвы ўстановы, прадпрыемства і пад.; вывеска. Ходзячы каля прыстанцыйных будынкаў, заўважыў [Анатоль] на адным з іх шыльду «Пошта», зайшоў туды. Пальчэўскі. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман; знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. // перан. Знешні, паказны бок каго‑, чаго‑н. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала. Колас. Лозунг беспартыйнасці быў для.. [буржуазіі] толькі шыльдай, якой яна крывадушна прыкрывала сваю контррэвалюцыйную сутнасць. Івашын.

шы́льдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыльды. Шыльдавы надпіс.

шы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыла. Шыльнае дзяржальна.

шы́льца, ‑а, н.

Разм. Памянш.-ласк. да шыла. Камячок зачараваны, Ножкі — дроцік, дзюбка — шыльца... Па свісточку захавана У кожнай пер’інцы і жылцы! Лось.