Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шы́цік, ‑а, м.

Разм. Маленькі рачны чарвячок, які жыве ў рухомым доміку-трубачцы, зробленым з пясчынак, кавалачкаў кары, дробных ракавінак. Сказаў .. [дзед] пра гэта раніцай, і я ўвесь дзень не ведаў спакою: накапаў чарвякоў, у ручаі назбіраў шыцікаў, разоў дзесяць, можа, перамотваў лёску. Хомчанка. Іх мы называлі хто як: хто сыцікі, хто шыцікі, а хто проста вадзяныя чарвячкі. Дайліда.

шы́цца 1, шыюся, шыешся, шыецца; незак.

Разм.

1. Лезці, ісці і пад. у якое‑н. вузкае месца; туды, дзе цесна, шчытна. — Лявон крайні, — выгуквае сіпла гаспадар шапкі-кучомкі і .. шыецца ў натоўп. Кухараў. Адбіваючыся ад сабакі, Гамыра шыўся глыбей у хмыз. Колас. Дзед Трахім, які нешта рабіў у гумне і забавіўся, выйшаў, калі хлапчукі сама шыліся пад снапы. Паўлаў. // Хавацца куды‑н. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву і, час ад часу, наслепа крычыць: «Агонь!» Брыль. Маланкі ў поўнач рассякалі хмары, І шыліся ў падстрэшша кажаны. Грахоўскі. Рабіў ён [шпачок] гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост. Асіпенка. // Ісці, рухацца, перамяшчацца куды‑н. Стары надзяе шапку і шыецца да дзвярэй. Мурашка. // Залазіць, забівацца, пранікаць куды‑н. [Снег] шыўся ў рукавы і за каўнер. Алешка. Золь зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Лынькоў. / у перан. ужыв. Галасы.. [паравозаў], напоўненыя трывогай і адчаем, плавалі па-над горадам, запаўнялі вуліцы, і завулкі, і двары, шыліся ў шчыліны [акон]. Галавач. // Пралягаць, праходзіць праз што‑н. шчыльнае. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. Адамчык.

2. перан. Старацца быць падобным на каго‑н., прыкідвацца кім‑н. [Драздовіч:] — Прыеліся ўжо «конскія партрэты» ды «саўкі», што шыюцца ў дурні. Машара.

шы́цца 2, шыецца; незак.

1. Вырабляцца шыццём. Каця хадзіла ў шараварах і шырокай, як звычайна шыюцца начныя сарочкі, мешкаватай сукенцы. Васілевіч. Ватнікі, праўда, былі караткаватыя, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Навуменка.

2. безас. Разм. Пра жаданне або магчымасць шыць. Мне сёння не шыецца.

3. Зал. да шыць.

шыццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шыць (у 1, 3 знач.).

2. Тое, што шыюць ці сшытае. Тут жа сядзела і пані падлоўчая, таксама з шыццём у руках. Колас.

шыць, шыю, шыеш, шые; незак.

1. што і без дап. Змацоўваць, злучаць ніткай краі тканіны, скуры і пад. пры вырабе адзення, абутку і пад.; вырабляць што‑н. такім чынам. Шыць на машыне. □ Таня .. сядзела каля акна, шыла сарочку. Шамякін. [Гірня] ўмеў цяслярыць, сталярыць, трохі слясарыць і нават шыць боты. Кулакоўскі. // Займацца вырабам адзення, абутку і пад. як прафесіяй, рамяством. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца .. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль. // Спец. Змацоўваючы лісты паперы дротам, ніткамі і пад., вырабляць што‑н. Шыць сшыткі. Шыць кнігу.

2. Разм. Заказваць, вырабляць адзенне ў каго‑н., дзе‑н. Шыць у атэлье. □ [Варанец:] — Шылі мы раз вунь аж у Міждуб’і. Крапіва.

3. Вышываць, расшываць. Шыць гладдзю. Шыць шоўкам.

4. што. Спец. Прымацоўваючы рэйкі да шпал, пракладваць чыгунку. Шыць чыгунку.

5. што. Спец. Прымацоўваць, змацоўваць дошкі цвікамі, шпонамі і пад. Шыць плыты.

•••

Шыць на жывую нітку — а) ненадзейна, не замацоўваючы ніткі, шыць, сшываць і пад. што‑н.; б) наспех, як папала.

Шыць нападрост — шыць з запасам, з разлікам на рост.