Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шык, ‑у, м.

1. Раскоша; форс, элегантнасць. Ого! З шыкам жывеш! Можна пазайздросціць. Шамякін. [Жончына] заўсёднае сціплае і простае ўбранне нібы супярэчыла таму шыку, з якім апранаўся Луцкевіч. Машара. // Асаблівым паводзіны, манеры, разлічаныя на тое, каб паказаць сябе перад кім‑н. Казіная ножка — асаблівы шык і вызначае пераважна тых, хто служыць ва ўзводзе пешай разведкі. Навуменка. З пэўным шыкам, частуючы Косцю «Казбекам»,.. [Грушэўскі] падміргнуў: — Усе мы не без граха. Карпюк.

2. у знач. вык. Разм. Задавальняе ў вышэйшай ступені, з’яўляецца найлепшым. Цяпер па модніц люба глянуць: Уборы — шык, адменны густ!.. Бачыла.

[Фр. chic.]

шыкава́ць 1, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Жыць з шыкам; праяўляць у чым‑н. шык; фарсіць. Каб усе пабачылі, як ён шыкуе, сядок падоўгу разлічваўся з барадатым рамізнікам у сінім зіпуне. Рамановіч. [Унук] шыкаваў цяпер у доўгім габардзінавым макінтошы і ў чорным не па галаве берэце з хвосцікам наверсе. Ракітны.

шыкава́ць 2, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.

Абл. Рыхтаваць, падрыхтоўваць. Спіць сабе [Валодзька] да абеду, а надвячоркам распальвае вуголлі ў прасе, шыкуе штаны. Гроднеў. // Запасіць што‑н. Шыкаваць палотны ў пасаг.

[Польск. szykować.]

шы́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Карэнчык] нават намерыўся нешта сказаць, але з губ сарвалася адно толькі шыканне. Колас. Гоман, што прабіваўся там-сям, адразу апаў, але ў суседнім пакоі хтосьці гаманіў. На яго кінуліся нецярплівае шыканне, галасы. Мележ.

шыкану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шыкаваць ​1.

шыка́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шыкарнага.

шыка́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Раскошны, багаты, пышны. Шыкарнае ўбранне. □ А колькі тых гасцініц на самую розную цану, вельмі вялікіх і шыкарных і самых скромных і даступных! Гарэцкі. — Вуліца міру.. Самая шыкарная вуліца Парыжа... Мележ. Амаль на кожнай старонцы [часопіса] — шыкарныя легкавыя аўтамабілі. Каваленка. // Які мае элегантны, фарсісты выгляд (пра людзей). Адно толькі моладзь — паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства з’яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе. Колас.

2. Надзвычай добры; вельмі прыгожы; цудоўны. Удзень ідзе .. [Алена] ў вёсачку, а адтуль варочаецца пад вечар з шыкарным букетам кветак. Колас.

шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.

2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.

3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.

шы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шыкаць.

шыко́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і шыкарны. На ўвесь клуб танцуе толькі яна [Лора] адна з такім шыкозным.. кавалерам. Вітка. Уся важнасць і ўся Сцёпкава цвёрдасць адразу прападаюць. А як пабачыў яшчэ такую шыкозную кнігу, дык і зусім уладу над сабою страціў. Колас.

шыко́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шыкоўнага. Але калі заходзіла сонца, уся шыкоўнасць гублялася: Чымган рабіўся пануры, як стары сівы дзед. Лужанін.