Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шы́за,

1. Прысл. да шызы.

2. безас. у знач. вык. Пра шэра-блакітны колер паветра дзе‑н. У пакоі было шыза ад дыму.

шызава́ты, ‑ая, ‑ае.

З шызым адценнем, па колеру блізкі да шызага. У суботу падвечар на агародах закурэлі шызаватыя дымкі. Асіпенка. Шызаватая смуга, дамы паружавелі, і Яўген здагадаўся, што ўзыходзіць сонца. Карпаў.

шызагані́я, ‑і, ж.

Шматлікае бясполае размнажэнне ў прасцейшых і некаторых водарасцей.

[Ад грэч. schizō — раздзяляю, расшчапляю і gonē, gonéia — (за)раджэнне.]

шызакры́лы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шызыя крылы. За Зоськай, нібы дружная стайка шызакрылых чаек, рушылі і астатнія дзяўчаты. Паслядовіч.

шы́засць, ‑і, ж.

Уласцівасць шызага. Дым усё больш і больш захінаў неба сваёй шызасцю, завалакваў вуліцу. М. Ткачоў.

шызафрэ́нік, ‑а, м.

Разм. Хворы на шызафрэнію.

шызафрэні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да шызафрэнік.

шызафрэні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шызафрэніі; характэрны для шызафрэніі, для шызафрэніка. Шызафрэнічныя сімптомы.

шызафрэні́я, ‑і, ж.

Цяжкае псіхічнае захворванне, якое суправаджаецца ўстойлівымі зменамі ў псіхіцы, парушэннем звязанасці псіхічных працэсаў, зніжэннем псіхічнай дзейнасці.

[Ад грэч. schizō — раздзяляю, расшчапляю і phrēn — розум.]

шы́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Цёмна-шэры з сіняватым адлівам; шэра-блакітны. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў. Сонна пакружыўшы над шызым кустом вярбы на лузе,.. [вароны] таксама моўчкі разляцеліся ў розныя бакі. Ігнаценка. // З сіняватым адлівам (пра колер скуры). Чырвоны твар Пачулія стаў шызым. Самуйлёнак. Сашунчык ці «Казлянятка» — гэта Аляксандр Пятровіч Казлоў — франт перадпенсійнага ўзросту з шызым носам. Вірня. Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Шамякін.

2. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шызы голуб. Шызая чайка. Шызая плесень.