шы́рма, ‑ы, ж.
1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.
2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. — Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.
[Ням. Schirm.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)