цямне́ць, ‑ее; незак.
1. Станавіцца цёмным, больш цёмным. Сонца ўсё ніжэй хілілася па захад. Даўжэлі, цямнелі цені. Асіпенка. Расправіўшы шэрыя крылы, Хмурынка на захадзе ўстала, Цямнела, плыла, вырастала, Як бы набіралася сілы. Гілевіч. // Траціць свой бляск, яркасць. Зоркі цямнеюць. Срэбра цямнее. // перан. Станавіцца змрочным, хмурым. Твар яе .. цямнеў, вочы рабіліся сумнымі, і мне здавалася, што мама вось-вось заплача. Шыловіч. Карпусь аж цямнеў ад злосці, не знаходзячы слоў. Баранавых.
2. безас. Пра надыход цемнаты, набліжэнне прыцемку, змроку. Цямнела, было суха ад лёгкага марозу і холадна. Чорны. Цямнела. А цемень падвойвала страхі, узмацняла трывогі, паддавала супярэчлівых, мітуслівых думак. Каваленка.
3. Вылучацца сваім цёмным колерам, віднецца (пра каго‑, што‑н. цёмнае). Быў канец жніўня, і на палях яшчэ цямнелі сланечнікі і чырванелі пераспелыя памідоры. Якімовіч. Цямнее край зубчаты бору... Багдановіч.
цямні́ца, ‑ы, ж.
1. Месца зняволення, турма. І рухнуць апоры Фашысцкіх цямніц, Нявольнікі выйдуць Да ясных зарніц. Купала.
2. Цёмнае памяшканне, пазбаўленае святла; проціл. святліца. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Паставім прыгожых святліц. Колас.
цямні́ць, цямню, цемніш, цемніць; незак.
1. што. Рабіць цёмным або цямнейшым. Вячэрні змрок неўзаметку прабіраўся ў куткі хаты, паступова цямніў сцены, столь. Лынькоў. // перан. Рабіць змрочным, хмурным. Але амаль кожны раз думкі [Хадоські] цямніў Яўхімаў цень, і ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Мележ.
2. Разм. Гаварыць няясна, блытана; скажаць сэнс чаго‑н. Была я сіратой і раптам маю бацьку — партызанскага камандзіра.. Маці, якая столькі цямніла з маім нараджэннем, прызнала гэты факт. Шамякін.
цямно́,
У выразах: ад цямна да цямна — увесь дзень, ад рання да позняга вечара; ад відна (і) да цямна гл. відно 2.
цямно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
Разм. Тое, што і цемната. [Петрусёва маці:] — Якая пагода нецікавая і цямнота, сырасць... Гартны. [Сымон:] — Я хацеў бы ведаць ноты... Пашкадуй мае цямноты: Навучы, скінь з мяне ночку, Каб і я мог чытаць кнігі І па нотах граць, як пан! Колас. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.
ця́мны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і цямлівы. Цямны хлопец. Цямная дзяўчынка.
цямо́чак, ‑чку, м.
У выразе: на цямочку — вельмі рана, на світанні. Устане гаспадыня ўзімку ўранні, яшчэ на цямочку, печ адслоніць, каб запаліць. Сачанка.
цямра́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Змрочны. Цямравы дзень. □ Дзе і падступішся, дык нічога цікавага не ўбачыш: у густой цямравай засені рачулка выглядала як бязладна кінуты кімсьці і затаптаны ў гразь паясок. Кірэенка.
цямра́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і цямравы. Тым часам сонейка з-за лесу Зняло цямраную завесу. Колас.
ця́мця, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.
Разм. Пра няспрытнага, непаваротлівага, нерухавага чалавека. Злосны і на ўвесь свет, і на самога сябе — «Цёрся, цямця, а тут і заняло!» — ён сеў і паехаў памалу. Брыль.
•••
Цямця-лямця — тое, што і цямця.