цямне́ць, ‑ее; незак.
1. Станавіцца цёмным, больш цёмным. Сонца ўсё ніжэй хілілася па захад. Даўжэлі, цямнелі цені. Асіпенка. Расправіўшы шэрыя крылы, Хмурынка на захадзе ўстала, Цямнела, плыла, вырастала, Як бы набіралася сілы. Гілевіч. // Траціць свой бляск, яркасць. Зоркі цямнеюць. Срэбра цямнее. // перан. Станавіцца змрочным, хмурым. Твар яе .. цямнеў, вочы рабіліся сумнымі, і мне здавалася, што мама вось-вось заплача. Шыловіч. Карпусь аж цямнеў ад злосці, не знаходзячы слоў. Баранавых.
2. безас. Пра надыход цемнаты, набліжэнне прыцемку, змроку. Цямнела, было суха ад лёгкага марозу і холадна. Чорны. Цямнела. А цемень падвойвала страхі, узмацняла трывогі, паддавала супярэчлівых, мітуслівых думак. Каваленка.
3. Вылучацца сваім цёмным колерам, віднецца (пра каго‑, што‑н. цёмнае). Быў канец жніўня, і на палях яшчэ цямнелі сланечнікі і чырванелі пераспелыя памідоры. Якімовіч. Цямнее край зубчаты бору... Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)