фарсі́стасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць фарсістага; манеры, паводзіны фарсістага чалавека. Здавалася, што Фёдараў цалкам яшчэ не пазбавіўся юнацкай фарсістасці. Алешка.
фарсі́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць фарсіць. Зграбны, нават крышку фарсісты унтэр аказаўся сынам селяніна з-пад Бабруйска. Паслядовіч. // Франтаваты, модны. Ён! Яго шэрая каракулевая вушанка, такі ж шэры каўнер чорнага паліто, ногі — у белых фарсістых бурках. Паслядовіч. Антуан, узяўшы свой фарсісты партфель, пакіраваўся салідным крокам з аўтобуса. Дубоўка.
фарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; незак.
Разм. Франціць. [Люба] любіла фарсіць. Хоць вучыцца толькі ў дзевятым класе, а на руцэ — пазалочаны гадзіннік. Даніленка. Русіновіч сёння скінуў кіцель і фарсіў у Ярошкавым падношаным касцюме, гальштук і белую рубашку ўзяў у Рамашкі. Дамашэвіч. // Выхваляцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. У яго [Перагуда] было многа напускнога, і ён трохі фарсіў сваім дзівацтвам. Колас.
фарсо́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і фарсісты. Чэсік падбірае полы свайго некалі фарсовага афіцэрскага плашча. Васілевіч.
фарсу́н, ‑а, м.
Разм. Той, хто любіць фарсіць. У гэтым стомленым, азызлым і, мусіць, маральна зламаным чалавеку цяжка было пазнаць былога віленскага фарсуна, атлета і бадзёрага прыгажуна-мужчыну. Карпюк.
фарсу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Спец. Прыстасаванне для распыльвання якіх‑н. вадкасцей або парашкападобных матэрыялаў.
[Ад англ. force-pump — нагнятальная помпа.]
фарсу́ншчык, ‑а, м.
Рабочы, які абслугоўвае фарсунку.
фарсу́ха, ‑і, ДМ ‑сусе, ж.
Жан. да фарсун.
фарто́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Такі, калі бывае ўдача; такі, якому бывае ўдача; удачлівы. Фартовы дзень. Фартовы паляўнічы.
2. Прыгожы. Марыся сапраўды фартовая дзяўчына. Бажко.
3. Спрытны, хвацкі, маладзецкі. Фартовы хлопец.