со́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм.
1. Тое, што і сотня (у 1 знач); сто. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба — і не сетка... Эх, брат, рука, рука каротка! Колас.
2. Адна сотая частка якой‑н. адзінкі, меры (гектара і пад.). Калі Антаніна прыйшла на поле, Надзя і Волька, выжаўшы ўжо соткі па паўтары, сядзелі на снапах і снедалі. Васілевіч. // толькі мн. (со́ткі, ‑так). Прысядзібны ўчастак, агарод. За градамі з капустай, буракамі і насеннай цыбуляй — соткі з бульбай. Кулакоўскі.
3. Уст. Мера гарэлкі ў адну сотую частку вядра, а таксама бутэлька такой ёмістасці. Гаспадыня дае [бацьку] сетку і ідзе спаць. Гарэцкі.
со́тнік, ‑а, м.
1. Начальнік сотні воінаў у Старажытнай Русі.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — афіцэрскі чын у казацкіх войсках, які адпавядаў чыну паручніка ў пяхоце. // Асоба, якая мела гэты чын.
3. Начальнік адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сотні на Украіне ў 16–18 стст.
со́тня, ‑і, ж.
1. Адзінка ліку, роўная ста (пра аднолькавыя прадметы). Сотня сшыткаў. Дзве сотні машын. □ На сход сышлася да сотні чалавек. Гартны. // Разм. Сто рублёў, сторублёўка. Даць пяцірублёўку і сотню. □ — Сотня ляснула, — не гаварыла, а шыпела жанчына на мужчыну. Трэба разявай не быць. Сачанка.
2. толькі мн. (со́тні, ‑яў). Назва трэцяй з канца лічбы шматзначнага ліку.
3. звычайна мн. (со́тні, ‑яў). Разм. Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Цэлымі сотнямі з’яўляліся новыя людзі. Чорны. Сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох. Бядуля. [Дзед Бадыль:] Даніла Дрыль — пра яго ж на сотні вёрст чуваць. Крапіва.
4. Гіст. Вайсковая адзінка (сто чалавек) у старажытнарускім войску.
5. Вайсковае падраздзяленне ў казацкіх часцях дарэвалюцыйнай Расіі. Казацкая сотня.
6. Ваенная і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Украіне ў 16–18 стст.
•••
Чорныя сотні — існаваўшыя ў Расіі ў 1905–07 гг. узброеныя банды пагромшчыкаў для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, забойства прагрэсіўных дзеячаў і для масавых яўрэйскіх пагромаў.
У сотні крат гл. крат.
со́ты 1, ‑аў; адз. няма.
Ячэйкі з воску, якія робяць пчолы і восы для захоўвання мёду і адкладвання яец. Рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. [Чалавек] наглядаў.., як напаўняюцца янтарным мёдам тысячы васковых каморак-сотаў. Паслядовіч.
со́ты 2, ‑ая, ‑ае.
1. Ліч. парадк. да сто. Соты дзень. Соты вылет. // Шматлікі, незлічона. «І што яно будзе?» — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас.
2. Які атрымліваецца пры дзяленні на сто. Сотая частка кіламетра. // Малы, нязначны. Не зроблена і сотай долі... А сіл ужо бракуе... крыўдна, горка! Гарбук.
со́ус, ‑у, м.
Прыправа, падліва да стравы. Таматны соус. Соус маянэз.
[Фр. sauce.]
со́уснік, ‑а, м.
Пасудзіна для соусу ў выглядзе прадаўгаватай місачкі з ручкай.
со́усны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да соусу; прызначаны для соусу. Соусная міска. // Прыгатаваны з соусам.
со́ўганне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. соўгаць і соўгацца.
со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.
2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.
3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.
со́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.
Разм.
1. Перасоўваць што‑н. з месца на месца. Соўгаць крэслы з кута ў кут.
2. Рухаць, соваць чым‑н. у розных кірунках (звычайна па паверхні). Соўгаць шуфляды. □ — Слабая і хворая, а працуй, — Марфа пачала соўгаць граблямі па сцежцы. Савіцкі. Два падстрэленыя кані сударгава соўгаюць нагамі. Навуменка.
3. Тыкаць, соваць куды‑н. у што‑н. Соўгаць палкай у гразь. □ Вараціла соўгаў рукамі зверху, Косця ж, лоўка парыруючы ўдары, трапляў праціўніку то ў твар, то ў грудзі. Карпюк. Перад тым, як начапіць нажыўку на кручок, дзядзька соўгаў пальцамі ў камячкі ваты. Місько.