со́тня, ‑і, ж.

1. Адзінка ліку, роўная ста (пра аднолькавыя прадметы). Сотня сшыткаў. Дзве сотні машын. □ На сход сышлася да сотні чалавек. Гартны. // Разм. Сто рублёў, сторублёўка. Даць пяцірублёўку і сотню. □ — Сотня ляснула, — не гаварыла, а шыпела жанчына на мужчыну. Трэба разявай не быць. Сачанка.

2. толькі мн. (со́тні, ‑яў). Назва трэцяй з канца лічбы шматзначнага ліку.

3. звычайна мн. (со́тні, ‑яў). Разм. Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Цэлымі сотнямі з’яўляліся новыя людзі. Чорны. Сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох. Бядуля. [Дзед Бадыль:] Даніла Дрыль — пра яго ж на сотні вёрст чуваць. Крапіва.

4. Гіст. Вайсковая адзінка (сто чалавек) у старажытнарускім войску.

5. Вайсковае падраздзяленне ў казацкіх часцях дарэвалюцыйнай Расіі. Казацкая сотня.

6. Ваенная і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Украіне ў 16–18 стст.

•••

Чорныя сотні — існаваўшыя ў Расіі ў 1905–07 гг. узброеныя банды пагромшчыкаў для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, забойства прагрэсіўных дзеячаў і для масавых яўрэйскіх пагромаў.

У сотні крат гл. крат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)