Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

пільнава́ць, ‑ну́ю, ‑ну́еш, ‑ну́е; незак., каго-што.

1. Наглядаць, назіраць, вартаваць, сцерагчы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. Пільнуй гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка.

2. Падсцерагаць, сачыць. Зноў пільнаваў Глушак, як Апейкавы вочы бегаюць па паперы, загадзя прагнуў уведаць свой лёс. Мележ. [Рыгор:] — Ці ж гэта ты знарок дагэтуль стаяў за плотам ды пільнаваў мяне? Гартны. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі выдру шэсць тыдняў і не маглі злавіць. Маўр.

•••

Чужую хату пільнаваць — бавіць, траціць час у суседа.

пі́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пільнага.

пі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе неадкладнага выканання, неабходны, тэрміновы. Толькі сыдзе снег — і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай: хапала іншай, больш пільнай работы! С. Александровіч. Сёння дзед Аляксей прыйшоў па вельмі пільнай патрэбе да начальніка міліцыі. Паслядовіч. Радыё — бясспрэчна, цудоўная рэч, але ж які неасцярожны гэты Віцька Радзюк, калі карыстаецца ім без пільнай патрэбы — няхай чуе ўвесь свет. Хадкевіч.

2. Старанны, руплівы, дбайны. — Але ж вы кажаце, што ён паслухмяны. А калі чалавек паслухмяны, то і пільны. Пальчэўскі. Самым першым друкаваным тварам «Музыка» паэт [М. Багдановіч] выявіў ужо сваю пільную цікавасць да тэмы мастака і мастацтва. Лойка.

3. Уважлівы, неаслабны. Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы прыцягваюць пільную ўвагу даследчыкаў яшчэ з тых часоў, калі выйшла ў свет першая яго кніжка. Навуменка. Старшыня рыхтуецца да гутаркі аб пільным нясенні каравульнай службы. Жычка. Кожная лустачка хлеба была на пільным ўліку. Новікаў. // Зоркі, чуйны, праніклівы. Анісім спалохаўся пільнага Алімпінага позірку. Сабаленка. Затое ў Генадзя вока пільнае. Зрок у яго проста выдатны. Васілёнак.

•••

Мець пільнае вока гл. мець.

пі́льня, ‑і, ж.

Спецыяльнае памяшканне для механічнай распілоўкі лесу. Дзесьці тут, у балотах, на лясістым грудзе стаяла дробная пільня, саматужная і вельмі няспраўная. Чорны.

пільсць, ‑і, ж.

Поўсць, падшэрстак. Цьмяным золатам ільсніцца пільсць кунічая! Дзяргай.

пільча́к, ‑а, м.

Абл. Кароткая верхняя вопратка пераважна з грубага даматканага сукна. Тым не меней, нават і такі «лапсярдак», са спушчаным станам, усё ж такі больш стасаваўся з важнасцю моманту, чым які-небудзь .. пільчак вясковага настаўніка. Колас. Толькі праз якую гадзіну хлопец заўважыў, што Данута, прымасціўшыся ля кастра на пеньчуку, лапіла яго пільчак. Бажко.

пі́льшчык, ‑а, м.

1. Рабочы, заняты пілкай (у 2 знач.). Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала.

2. Насякомае атрада перапончатакрылых.

пілю́ля, ‑і, ж.

Лякарства, спрасаванае ў форме галачкі, шарыка. [Урач] даў пілюляў, «каб прапацець», і загадаў везці Валодзю назад. Карпюк. Урач памацаў пульс, тэмпературу змераў, Паслухаў, што рабіць патрэбна, расказаў І хвораму пілюлі прыпісаў. Корбан.

•••

Паднесці пілюлю гл. паднесці.

Праглынуць пілюлю гл. праглынуць.

[Лац. pilula.]

піля́стра, ‑ы, ж. і піля́стр, ‑а, м.

Спец. Чатырохгранная калона, якая адной гранню ўваходзіць у сцяну.

[Іт. pilasteo.]