атру́скі, ‑скаў; адз. няма.
Непатрэбныя рэшткі чаго‑н.
атру́та, ‑ы, ДМ ‑руце, ж.
1. Ядавітае рэчыва, якое згубна дзейнічае на жывы арганізм; яд. Атрута для мышэй.
2. перан. Тое, што шкодна ўплывае на каго‑, што‑н. [Пан Зяленскі:] — О-о... пан любіць жарты, але старыя жартаў не любяць, навошта яны, яны атрута старому сэрцу. Лынькоў. [Дзядзька:] — Ну ж і балота! Вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас.
атру́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца атрутай, здольны выклікаць атручэнне; ядавіты. Атрутныя газы. Атрутнае рэчыва. // Які змяшчае атруту. Атрутны дым. □ [Балоты] дыхалі атрутнаю парнаю цеплынёй. Самуйлёнак. [Лабановіч:] — Але ці думаў ты, збіраючы вось гэтыя «кветкі», што сярод іх могуць быць і атрутныя? Колас.
2. перан. Які пагражае небяспекай, адмоўна дзейнічае на каго‑, што‑н. Як жа трэба збяднець, Каб на крохі атрутай прыманкі Нашу мужную праўду Цішком размяняць у душы І панесці з сабой Трохрублёвую праўду цыганкі! Гілевіч. Разагнула стан дзявочы Беларусь магутна, Пахаваўшы лёс сірочы, Панскі гнёт атрутны. Колас.
атруці́цца, ‑ручуся, ‑руцішся, ‑руціцца; зак.
Памерці ад атруты. [Хімка:] — Дык глядзі ж, каб нічога не чапаў, — воцатам можна атруціцца. Гурскі. // Пашкодзіць сабе арганізм атрутным рэчывам.
атруці́ць, ‑ручу, ‑руціш, ‑руціць; зак., каго-што.
1. Прымусіць памерці, даўшы атруты. [Стэфа:] — Шкада сабаку. А што з ім? [Гаспадыня:] — Атруцілі. І ведаю нават хто. Савіцкі. — Мама, мама! — пачаў Юрка. — Ты ведаеш, чаму наш Лёнька памёр? Гэта ж Хімка атруціла яго? Гроднеў. // Пашкодзіць, ужыўшы атрутнае рэчыва. Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. Чорны.
2. Зрабіць шкодным што‑н., усыпаўшы атруты. Атруціць ваду.
3. перан. Зрабіць шкодны ўплыў на каго‑, што‑н. [Леанарда:] — Душу мне атруцілі багачы. Клімковіч.
4. перан. Пазбавіць радасці, зрабіць непрыемным. [Аўгіння:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Колас. Ды хіба мог я меркаваць тады, што гэты рахманы Паўлюк атруціць маё жыццё. Быкаў.
атру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад атруціць.
атру́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. атручваць — атруціць (у 1–3 знач.).
атру́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да атруціцца.
2. Зал. да атручваць.
атру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да атруціць.
атручэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. атруціцца.