схо́вішчны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сховішча (у 4 знач.).
сход, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. сходзіць — сысці (у 1 знач.).
2. ‑а. Месца, па якім сходзяць, спускаюцца; спуск. Стромы сход.
3. ‑у. Сумеснае пасяджэнне членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву для абмеркавання чаго‑н. Справаздачна-выбарчы сход. Камсамольскі сход. □ Адкрыты сход тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі адбываўся ў хаце-чытальні. Паслядовіч. Член сельсавета Купрэня Робіць па хатах абход: — Просьба з’явіцца ў праўленне — Сёння адбудзецца сход. Смагаровіч. // Члены якой‑н. арганізацыі, якія сабраліся для абмеркавання чаго‑н.; удзельнікі пасяджэння, збору. Сход слухаў дзеда Мікалая. Якімовіч. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых.
4. ‑у. У складзе назваў некаторых выбарных прадстаўнічых устаноў, арганізацыя. Нацыянальны сход. Устаноўчы сход. Заканадаўчы сход.
5. ‑у. Сустрэча якіх‑н. людзей, якога‑н. таварыства. Марына Паўлаўна прыйшла на апошні развітальны сход са сваімі выпускнікамі. Васілевіч. // Разм. іран. Нейкае зборышча каго‑н. На прызбе Трахімавай хаты адбываецца чарговы жаночы сход. Крапіва. Надоечы ў бары На сход сабраліся звяры. Бачыла.
6. ‑у. Збор, скліканне каго‑н. з якой‑н. мэтай. Бандарэнка сходы кліча, Усім аб крыўдзе кажа. Купала.
7. ‑у. перан. Схіл, канец. Дзень, як ветах, на сход ідзе. Барадулін. Час ляціць. На сходзе лета. Дубоўка.
схо́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад схадзіць (у 2 знач.).
схо́дзіцца, сходжуся, сходзішся, сходзіцца.
Незак. да сысціся.
•••
Канцы з канцамі не сходзяцца гл. канец.
схо́дзіць, сходжу, сходзіш, сходзіць.
Незак. да сысці.
схо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — сход прадстаўнікоў сельскай абшчыны. // Рэвалюцыйны сход рабочых, студэнтаў і інш. За горадам была падпольная сходка, на якую паліцыя па нечым даносе зрабіла аблаву. Мурашка.
2. У Беларусі ў канцы 19 — пачатку 20 стст. — назва нізавой (цэхавай) сацыял-дэмакратычнай ячэйкі, якая аб’ядноўвала рабочых (рамеснікаў) адной прафесіі.
3. Наогул — збор людзей з якой‑н. мэтай. Увечары Марына Паўлаўна ў апошні раз ішла на сходку жаночага гуртка. Зарэцкі.
схо́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сходнага. Сходнасць цаны.
схо́дні, ‑яў; адз. сходня, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і сходы. Катэр стаіць напроці старых вязаў, і па сходнях бягуць, спяшаючыся, на паром людзі. Савіцкі. Усеўся [Іван] на халодных бетонных сходнях ганка і стаў чакаць. Дуброўскі. Матрос клаў доўгую сходню паміж бортам і берагам. Грахоўскі.