Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спадчынада́вец, ‑даўца, м.

Асоба, якая перадае спадчыну каму‑н.

спа́дчыннасць, ‑і, ж.

1. Захоўванне і перадача праз пакаленні падабенства ў знешняй і ўнутранай будове, а таксама і ў жыццёвых працэсах арганізма.

2. Уласцівасць спадчыннага (у 2 знач.). Развіццё агульнагарадскога ансамбля ажыццяўляецца на аснове спадчыннасць. «Помнікі».

3. Тое, што і спадчына (у 2 знач.). [Галена:] Што я плачу? Гэта.. спадчыннасць старая, з забітай вёскі асталася яшчэ. Чорны.

4. Спец. Тое, што і спадчына (у 3 знач.). Уласнік гэтага пляца, паспеўшы зацвердзіцца ў правах спадчыннасці, падаў на ўласніка завода ў суд. Чорны.

спа́дчыннік, ‑а, м.

Тое, што і наследнік. Андрэй стаў адзіным памочнікам у бацькі і спадчыннікам пакрыўленай хаціны, дзіравага хлеўчыка, у якім стаялі старая аднавокая кабыла ды карова Лысуха, і пунькі, што служыла адначасова і гумном. Хадкевіч. Нарадзіўся сын. Спадчыннік. Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба. Караткевіч.

спа́дчынніца, ‑ы, ж.

Жан. да спадчыннік.

спа́дчынны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спадчыны (у 1, 3 знач.). Спадчыннае права. □ Сузан бярэ кавалачак паперы і скрупулёзна выпісвае лічбу за лічбай. Вось гэта давядзецца аддаць, як спадчынны падатак. Лынькоў. // Які з’яўляецца спадчынай (у 1 знач.); атрыманы ў спадчыну. Мой тата прадаў вашым сваю спадчынную дзесяціну. Чорны. Каб усё ж выратаваць.. [Зыгмунта] ад кадэцкага корпуса, давялося аддаць паліцэйскаму ўсё спадчыннае серабро. Якімовіч. Мы адраджалі гаспадарку на трох з паловай дзесяцінах спадчыннай зямлі. Таўлай.

2. Звязаны з спадчыннасцю (у 1 знач.). Памру я таксама хутка, стары! У нас гэтая хвароба спадчынная. Хведаровіч.

3. Які ідзе ў парадку пераемнасці ад аднаго да другога, заснаваны на гэтым пераходзе. Спадчынны князь.

спадылба́, прысл.

З-пад нахмураных броваў, недаверліва, злосна (глядзець і пад.). Ваўчок камячыў у руках паперку, углядаючыся ў яе і час ад часу пазіраючы спадылба на Паходню. Хадкевіч. Гаспадар толькі глянуў спадылба і не адказаў нічога. Навуменка.

спады́спаду, прысл.

Знізу, з ніжняга боку. Памачыў [Тараска] пёрка ў тут і намазаў кошцы лапкі спадыспаду, самыя лапкі. Юрэвіч. Пад гарой вялізны камень, сівы ад моху і мокры спадыспаду. Асіпенка. // З-пад чаго‑н. Але вось спадыспаду я выцягнуў яшчэ адну кніжку — «Зямлю» Кузьмы Чорнага. Лобан. // перан. З самых глыбінь чаго‑н. Я сядзеў, успамінаў бацьку, і аднекуль з сярэдзіны, спадыспаду, з самай душы, лезла, кралася думка: майму бацьку ўсё ж будзе лягчэй, чым дзядзьку Яўмену. Сачанка.

спажы́ва, ‑ы, ж.

1. Тое, чым можна пажывіцца; лёгкая нажыва. [Канвойныя] трасуць кішэні, складкі Адзення з ног да галавы, А да спажывы яны падкі, Ты ж стой ні мёртвы, ні жывы. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас. [Волф] даўно ўжо звык да лёгкай спажывы. Мележ.

2. Здабыча, харч; ежа. Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, найзлейшы вораг вавёркі. В. Вольскі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачамі смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Колас. Разам з тым прачнуўся голад, і.. [людзі] зноў пайшлі шукаць спажывы. Маўр.

3. перан. Матэрыял для мыслення, разважанняў, для разумовай дзейнасці і пад. Спажыва для розуму.

спажыва́льнік, ‑а, м.

Той, хто (або тое, што) спажывае што‑н. Расліна — спажывальнік азоту.

спажыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спажывання. Спажывальны фонд.