спа́дчынны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да спадчыны (у 1, 3 знач.). Спадчыннае права. □ Сузан бярэ кавалачак паперы і скрупулёзна выпісвае лічбу за лічбай. Вось гэта давядзецца аддаць, як спадчынны падатак. Лынькоў. // Які з’яўляецца спадчынай (у 1 знач.); атрыманы ў спадчыну. Мой тата прадаў вашым сваю спадчынную дзесяціну. Чорны. Каб усё ж выратаваць.. [Зыгмунта] ад кадэцкага корпуса, давялося аддаць паліцэйскаму ўсё спадчыннае серабро. Якімовіч. Мы адраджалі гаспадарку на трох з паловай дзесяцінах спадчыннай зямлі. Таўлай.
2. Звязаны з спадчыннасцю (у 1 знач.). Памру я таксама хутка, стары! У нас гэтая хвароба спадчынная. Хведаровіч.
3. Які ідзе ў парадку пераемнасці ад аднаго да другога, заснаваны на гэтым пераходзе. Спадчынны князь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)