Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

межавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які ўстанаўлівае, абазначае мяжу паміж чым‑н. Межавы знак. Межавы капец. □ Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы. Чорны. // Такі, у якім вызначаны межы, граніцы якіх‑н. зямельных ўчасткаў. Межавыя кнігі.

2. Які мае адносіны да межавання, прызначаны для межавання. Межавая інструкцыя. Межавы ланцуг.

3. у знач. наз. межавы́, ‑ога, м. Спецыяліст па межаванню; межавік.

ме́жанны, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы межані. Межанны ўзровень ракі.

ме́жань, ‑і, ж.

Доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады ў рацэ.

межыто́ка, ‑і, ДМ ‑тоны, ж.

Абл. Мокрая дарога паміж двума азёрамі ці балотамі; дарога, якая злучае два возеры ці балоты. Алесь перайшоў уброд межытоку і заглыбіўся ў лес. Караткевіч.

мезадэ́рма, ‑ы, ж.

Спец. Сярэдні зародкавы лісток у мнагаклетачных жывёлін (акрамя губак і кішачнаполасцевых) і чалавека.

[Ад грэч. mésos — сярэдні, прамежкавы і dérma — скура.]

мезазо́й, ‑ю, м.

Спец. Тое, што і мезазойская эра (гл. мезазойскі).

мезазо́йскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: мезазойская эра гл. эра.

[Ад грэч. mesos — сярэдні і zōē — жыццё.]

мезалі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Сярэдні каменны век, пераход ад старажытнага да новага каменнага веку.

[Ад грэч. mésos — сярэдні, прамежкавы і lithos — камень.]

мезаліты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мезаліту.

мезалья́нс, ‑у, м.

Уст. Шлюб з асобай ніжэйшага сацыяльнага становішча ў дваранска-буржуазным грамадстве.

[Фр. mesalliance.]