здво́іць, здвою, здвоіш, здвоіць; зак., што.
1. Зрабіць падвоеным, здвоеным (у 2 знач.). Здвоіць нітку. // Паставіць адзін за адным. Здвоіць урокі.
2. Перастроіць (кожны рад у страі) у два рады. Здвоіць рады.
•••
Здвоіць след — прабегчы другі раз па сваім следзе (пра звера).
здво́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. здвойваць — здвоіць.
здво́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да здвоіцца.
2. Зал. да здвойваць.
здво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да здвоіць.
здзе́йснены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад здзейсніць.
здзе́йсніцца, ‑ніцца; зак.
Ажыццявіцца, збыцца. Горда расквітнела сацыялістычная Украіна. Здзейсніліся мары Шаўчэнкі аб брацтве паміж народамі. Купала. Марыў Андрэй паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут. Ён зжыўся з гэтай марай і не мог уявіць, што яна не здзейсніцца. Чарнышэвіч.
здзе́йсніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Ажыццявіць, ператварыць у рэчаіснасць; выканаць. Здзейсніць планы. Здзейсніць запаветы правадыра. □ Час настаў — і клятву кожны здзейсніў: Мы слову нашаму гаспадары. Аўрамчык.
здзек, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здзекавацца. Партызаны судзілі і каралі паноў за здзек і злачынства над народам. Машара.
2. Злая зневажальная насмешка; зневажальны ўчынак або паводзіны ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Пытанне было неразумнае, здзек і насмешка яўныя, але ўсё адно Уладзімір Іванавіч не знайшоў, што адказаць так, каб Пятру стала няёмка. Шамякін.
здзе́каванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. здзекавацца.
здзе́кавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак., з каго-чаго.
1. Мучыць, катаваць каго‑н. Здзекаваўся [пан] з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Колас. На вачах у маці здзекаваліся з Валодзі, паласуючы гумавымі бізунамі худзенькае хлапчукова цела. Новікаў.
2. Груба, зняважліва высмейваць, абражаць каго‑, што‑н.; кпіць з каго‑, чаго‑н. Славік, зразумеўшы, што.. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур’ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін. Даніка ў Галынцы не любілі толькі Палуянавы хлопцы. І здзекаваліся яны з яго нядоўга, пакуль ён не «ўвабраўся ў сілачку». Брыль.