здзе́кавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак., з каго-чаго.

1. Мучыць, катаваць каго‑н. Здзекаваўся [пан] з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Колас. На вачах у маці здзекаваліся з Валодзі, паласуючы гумавымі бізунамі худзенькае хлапчукова цела. Новікаў.

2. Груба, зняважліва высмейваць, абражаць каго‑, што‑н.; кпіць з каго‑, чаго‑н. Славік, зразумеўшы, што.. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур’ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін. Даніка ў Галынцы не любілі толькі Палуянавы хлопцы. І здзекаваліся яны з яго нядоўга, пакуль ён не «ўвабраўся ў сілачку». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)