буйнакалі́берны, ‑ая, ‑ае.
Буйнога калібру. Буйнакаліберны снарад. Буйнакаліберны кулямёт.
буйналі́сты, ‑ая, ‑ае.
З буйным лісцем. Зашаптаўся з вішняй белай буйналісты клён. Арочка.
буйнамашта́бны, ‑ая, ‑ае.
Буйнага маштабу. Буйнамаштабная карта. // перан. Вялікага памеру, аб’ёму, шырокага ахопу. Буйнамаштабная вытворчасць. Буйнамаштабныя праблемы.
буйнапане́льны, ‑ая, ‑ае.
Які збіраецца, будуецца з буйных панелей. Буйнапанельны дом.
буйнапло́дны, ‑ая, ‑ае.
Які прыносіць буйныя плады; якому ўласцівы буйныя плады. Буйнаплодная яблыня.
буйнасеры́йны, ‑ая, ‑ае.
Які выпускаецца вялікімі, буйнымі серыямі. Буйнасерыйная вытворчасць.
бу́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць буйнога; нястрымнасць росту. [Святло] цярушыцца і ападае дробнай расой на жыта, а яно, дрымотнае ад коласавай буйнасці, ціхімі хвалямі схіляецца то ў адзін, то ў другі бок. Галавач. Будзе сад твой ламацца пад буйнасцю спелых пладоў. Рудкоўскі.
буйнатва́ры, ‑ая, ‑ае.
З буйнымі рысамі твару. Гэты паляшук быў як волат — высокі, плячысты, буйнатвары, з мускулістымі моцнымі рукамі. Хадкевіч.
буйне́ць, ‑ее; незак.
Разм. Станавіцца буйным, буйнейшым.
буйні́цца, ‑ніцца; незак.
Разм. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй буйнасцю. На маладых аксамітных ўсходах палёў, на прыдарожнай траве, на лісці кустоў, нібы брыльянты, буйніліся багатыя росы. Колас.