бале́йка, ‑і, ДМ ‑лейцы; Р мн. ‑леек; ж.
Невялічкая балея. [Іван:] — У балейцы абручы заржавелі, рассыпаецца балейка, яшчэ з тыдзень і не будзе ў чым бабе мыць бялізну... Карпюк.
бале́льшчык, ‑а. м.
Разм. Заўзяты аматар спартыўных спаборніцтваў. Каля вясёлых хлапчукоў сабраліся балельшчыкі, няўрымслівыя, як і самі футбалісты. Няхай. // Той, хто перажывае за што‑н., клапоціцца аб чым‑н., стараецца дапамагчы нейкай справе. — Глядзі, глядзі, — звяртаўся да свайго суседа па крэслу калгасны вартаўнік, вядомы ўсяму сялу грамадскі актывіст і балельшчык мясцовай самадзейнасці дзед Сілівон. Краўчанка.
бале́льшчыца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да балельшчык.
бале́льшчыцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да балельшчыка, балельшчыкаў, уласцівы ім. Балельшчыцкія сімпатыі.
балеро́, нескл., н.
1. Іспанскі народны танец, які суправаджаецца спевамі і прыцокваннем кастаньет. // Музычны твор у рытме гэтага танца.
2. Частка нацыянальнага іспанскага ўбрання ў выглядзе кароткай безрукаўкі.
[Ісп. bolero.]
балеры́на, ‑ы, ж.
Артыстка балета; танцоўшчыца.
[Іт. ballerina.]
бале́сны, ‑ая, ‑ае.
Абл.
1. Хваравіты (у 1 знач.). [Дзядзька Прахор] быў балесны і заўсёды, зашыўшыся ў куток, курыў і кашляў. Сабаленка.
2. Які адбываецца з болем, выкліканы болем, балючы. Здалося? Не, не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Караткевіч.
бале́т, ‑а, М ‑леце, м.
1. Від тэатральнага мастацтва, у якім драматургічная задума раскрываецца ў танцавальна-музычных вобразах. Рускі балет.
2. Спектакль на пэўны сюжэт, змест якога даносіцца сродкамі танца, мімікі і музыкі. // Музычны твор, які ляжыць у аснове такога спектакля. Новы свой твор — балет «Князь-возера».. В. А. Залатароў прысвяціў слаўнаму 30‑годдзю Беларускай ССР. «Беларусь».
3. Калектыў артыстаў, якія выконваюць балет. Артысты балета.
•••
Балет на лёдзе — від харэаграфічнага мастацтва, у якім танцы выконваюцца на каньках.
[Фр. ballet.]
балетама́н, ‑а, м.
Заўзяты аматар балета як відовішча.
балетама́нія, ‑і, ж.
Незвычайнае захапленне балетам як відовішчам.