Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэадыцэ́я

(фр. théodicée, ад гр. theos = бог + dike = справядлівасць, права)

рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога Бог не нясе адказнасці за прысутнасць зла на зямлі.

тэакра́тыя

(гр. theokratia, ад theos = бог + kratos = улада)

форма дзяржаўнага кіравання, калі палітычныя ўлада ў краіне належыць духавенству, а таксама дзяржава з такой формай кіравання.

тэало́гія

(гр. theologia, ад theos = бог + logos = вучэнне)

багаслоўе, рэлігійнае вучэнне, якое імкнецца абгрунтаваць рэлігійныя догмы і вераванні.

тэа́тр

(фр. théâtre, ад гр. theatron = месца для відовішча)

1) род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з’яўляецца сцэнічнае дзеянне, ажыццёўленае акцёрамі перад гледачом;

2) установа, якая мае пэўны састаў артыстаў і ставіць спектаклі, а таксама будынак са сцэнай і залай, дзе адбываецца тэатральны паказ;

3) перан. месца, дзе разгортваюцца якія-н. значныя падзеі (напр. т. ваенных дзеянняў).

тэза́ўрус

(лац. thesaurus, ад гр. thesauros = скарб)

1) слоўнік, які найбольш поўна ахоплівае лексіку дадзенай мовы;

2) інф. поўны сістэматызаваны набор дадзеных аб якой-н. галіне ведаў, які дазваляе вылічальнай машыне або чалавеку арыентавацца ў гэтай галіне.

тэ́зіс

(гр. thesis)

палажэнне, якое коратка перадае адну з асноўных думак лекцыі, даклада.

тэі́зм

(фр. théisme, ад гр. theos = бог)

рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое грунтуецца на разуменні бога як абсалютнай асобы, што стварыла свет і дзейнічае ў ім.

тэкст

(лац. textum = сувязь, злучэнне)

1) тое, што напісана або надрукавана (напр. т. пратакола, т. рамана);

2) асноўная частка напісанага або надрукаванага без падрадковых заўваг, спасылак, каментарыяў (напр. зноска пад тэкстам);

3) словы, на якія напісана музыка (напр. т. песні).

тэксты́ль

(лац. textile, ад texere = ткаць)

агульная назва ткацкіх вырабаў з натуральных і штучных валокнаў, а таксама пража і сыравіна для іх.

тэлегра́ма

(ад гр. tele = далёка + gramma = знак, рыса)

тэрміновае паведамленне, перададзенае па тэлеграфе, а таксама бланк з такім паведамленнем.