Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

імунало́гія

(ад лац. immunis = свабодны ад чаго-н., некрануты + гр. logos = вучэнне)

навука аб неўспрымальнасці арганізма да інфекцыйных захворванняў і атрутных рэчываў.

імуніза́цыя

(фр. immunisation, ад лац. immunis = свабодны ад чаго-н., некрануты)

стварэнне штучнага імунітэту 1 ў чалавека і жывёл супраць заразных хвароб.

імунітэ́т

(ням. Immunität, ад лац. immunitas, -atis = вызваленне ад чаго-н.)

1) непадатлівасць арганізма якім-н. заразным хваробам (напр. прыроджаны і.);

2) выключнае права не падпарадкоўвацца некаторым законам, якое даецца пэўным асобам (напр. дыпламатычны і.);

3) перан. здольнасць супрацьстаяць чаму-н., захоўваючы спакой і абыякавасць.

інава́цыя

(лац. innovatio)

1) новаўвядзенне, абнаўленне (напр. тэхнічная і.);

2) новая з’ява ў мове (напр. лексічная і.).

інаўгура́цыя

(лац. inauguratio = пачатак)

урачыстая працэдура ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы.

інва́зія

(лац. invasio = напад)

заражэнне чалавека або жывёлы паразітамі жывёльнага паходжання (глістамі, насякомымі і інш.).

інва́йранмент

(англ. environment = акружэнне, наваколле)

від сучаснага мастацтва, які спалучае твор і адначасова мастацкае дзеянне, скіраваныя на арганізацыю прасторы, што дае магчымасць гледачу адчуваць сябе арганічна ўключаным у дзею праз аўдыёвізуальныя, кінетычныя і іншыя сродкі ўздзеяння і сувязі; узнік у ЗІПА і Еўропе ў 1960-я гады як вынік развіцця поп-арту і постканструктывізму.

інвайранменталі́зм

(англ. environmentalism, ад environment = акружэнне, наваколле)

плынь у геаграфіі, якая адводзіць геаграфічнаму асяроддзю вырашальную ролю ў развіцці грамадства і грамадскай вытворчасці.

інвалі́д

(лац. invalidus = бяссільны, слабы)

чалавек, які страціў працаздольнасць у выніку ранення, хваробы ці калецтва.

інвекты́́ва

[лац. invectiva (oratio) = лаянкавая (прамова)]

рэзкае выступленне супраць каго-н., чаго-н.; зневажальная прамова, выпад.