Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экску́рсія

(лац. excursio = паездка)

калектыўнае наведванне музея, выстаўкі, гістарычнага помніка, выдатных мясцін з вучэбнай або культурна-асветніцкай мэтай, а таксама група ўдзельнікаў такога наведвання.

экслі́брыс

(лац. ех libris = з кніг)

па-мастацку аформлены кніжны знак, наклеены або адціснуты на адвароце вокладкі, які ўказвае на прыналежнасць кнігі пэўнаму ўладальніку.

экспазі́цыя

(лац. expositio = выкладанне, паказ)

1) размяшчэнне выставачнага матэрыялу, экспанатаў для агляду (напр. музейная э.);

2) уступная частка літаратурнага твора, у якой апісваюцца абставіны, што папярэднічаюць пачатку дзеі, развіццю сюжэта;

3) першы раздзел музычнага твора (санаты, фугі), дзе выкладаецца яго асноўная тэма;

4) колькасць асвятлення, якую атрымлівае святлоадчувальны матэрыял у час фатаграфавання або кіназдымкі.

экспана́т

(лац. exponatus = выстаўлены напаказ)

прадмет, выстаўлены для агляду ў музеі ці на выстаўцы (напр. рэдкі э.).

экспане́нт

(лац. exponens, -ntis = які выстаўляе напаказ)

1) асоба або арганізацыя, якая выстаўляе на выстаўцы свае экспанаты;

2) мат. паказчык ступені.

экспансі́ўны

(фр. expansif, ад лац. expansio = расшырэнне, распаўсюджанне)

нястрыманы, які бурна выражае свае пачуцці.

экспа́нсія

(лац. expansio = расшырэнне, распаўсюджанне)

1) распаўсюджанне чаго-н. за першапачатковыя межы;

2) пашырэнне сферы ўплыву дзяржаў, грамадскіх груп, арганізацый, якое ажыццяўляецца прымусовымі або якімі-н. іншымі сродкамі (напр. эканамічная э.).

э́кспарт

(англ. export, ад лац. exportare = вывозіць)

1) вываз тавараў за мяжу для рэалізацыі на знешнім рынку (проціл. імпарт 1);

2) агульная колькасць або агульны кошт тавараў, вывезеных якой-н. краінай, а таксама сам вывезены тавар (проціл. імпарт 2).

экспарцёр

(фр. exporteur, ад лац. exportare = вывозіць)

краіна, установа або асоба, якія займаюцца экспартам 1 (проціл. імпарцёр).

экспатрыя́цыя

(с.-лац. expatriatio, ад лац. ех = з + patria = радзіма)

добраахвотнае або прымусовае высяленне каго-н. за межы радзімы, звязанае звычайна з пазбаўленнем грамадзянства.