Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экзо́тыка

(гр. eksotikos = чужаземны)

1) сукупнасць характэрных прадметаў, з’яў, рыс, уласцівых далёкім краінам, раёнам (напр. незвычайная прырода, звычаі, мастацтва паўднёвых краін з пункту гледжання жыхароў поўначы);

2) перан. нешта вычварнае, незвычайнае.

экзэмпля́р

(лац. exemplar = узор)

1) асобны прадмет з шэрагу аднародных прадметаў, асобная адзінка чаго-н. (напр. э. кнігі);

2) перан. асоба, якая вызначаецца незвычайнымі або адмоўнымі ўласцівасцямі (напр. загадкавы э.).

эківо́к

(фр. équivoqué, ад лац. aequivocus = двухсэнсоўны)

двухсэнсоўнасць, двухсэнсоўны намёк, выкрутас.

экіпі́раваць

(фр. équiper)

забяспечваць каго-н., што-н. усім неабходным (напр. э. атрад).

эклекты́зм

(фр. éclectisme, ад гр. eklektikos = які выбірае)

механічнае аб’яднанне розных, часта нават супрацьлеглых прынцыпаў, поглядаў, мастацкіх элементаў і г. д.

эклекты́чны

(гр. eklektikos = які выбірае)

які мае адносіны да эклектызму, прасякнуты эклектызмам (напр. э-ыя погляды, э-ая будова).

экра́н

(фр. écran)

1) заслона, якая засцерагае ад уздзеяння шкодных прамянёў, магнітнага поля, гарачыні, святла і інш. (напр. радыяцыйны э.);

2) паверхня для ўзнаўлення светлавых адбіткаў (напр. э. тэлевізара);

3) нацягнутая на раму белая тканіна для дэманстрацыі фільмаў, дыяпазітываў і інш.;

4) перан. кінамастацтва (напр. навіны экрана).

эксгума́цыя

(п.-лац. exhumatio, ад лац. ех = з + humus = зямля)

даставанне трупа з месца пахавання для судова-медыцынскага даследавання.

эксклюзі́ўны

(англ. exclusive, ад лац. excludere = выключаць)

выключны, прадастаўлены толькі для пэўнай арганізацыі або асобы, напр. права на вытворчасць чаго-н. або на распаўсюджанне інфармацыйных матэрыялаў (напр. э-ыя паўнамоцтвы, э-ае інтэрв’ю).

э́кскурс

(лац. excursus)

адступанне ад галоўнай тэмы выкладання для асвятлення пабочнага або дадатковага пытання (напр. э. у мінулае).