Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пілігры́м

(с.-лац. pelegrinus, ад лац. peregrinus = чужаземны)

1) вандроўны багамолец, паломнік;

2) перан. вандроўнік, падарожны.

пі́лінг

(англ. peeling)

касметычны сродак для ачышчэння скуры.

пі́льны

(польск. pilny)

1) праніклівы, зоркі (напр. п. погляд);

2) уважлівы, неаслабны (напр. п-ая праверка);

3) тэрміновы, неадкладны (напр. п-ая патрэба).

пілю́ля

(лац. pilula)

1) лякарства ў выглядзе цвёрдага шарыка (напр. прыпісаць пілюлі);

2) перан. што-н. крыўднае, абразлівае (напр. паднесці пілюлю).

пінг-по́нг

(англ. ping-pong)

настольны тэніс.

піп-шо́у

(англ. реер show, ад реер = падглядваць + show = відовішча, паказ)

эратычнае відовішча, якое ўяўляе сабой дэманстрацыю спецыяльна натрэніраванай жанчынай свайго цела ў закрытым памяшканні перад нябачнымі ёю гледачамі, што назіраюць за ёю праз асобыя вокны ў сценах гэтага памяшкання.

піратэ́хніка

(ад гр. pyr = агонь + techne = майстэрства)

галіна тэхнікі, звязаная з вырабам гаручых сумесей, сігнальных агнёў, ракет і інш.

пі́рсінг

(англ. piercing)

праколванне розных частак цела (ноздраў, языка і інш.) і замацаванне ў праколах пярсцёнкаў, ланцужкоў і іншых упрыгожанняў, пашыранае ў маладзёжным і артыстакратычным асяроддзі.

піруэ́т

(фр. pirouette)

1) поўны кругавы паварот усім целам на наску адной нагі ў танцы;

2) хуткае вярчэнне цела вакол вертыкальнай восі ў фігурным катанні на каньках;

3) паварот каня на задніх нагах пры верхавой яздзе.

пі́ца

(іт. pizza)

страва ў выглядзе праснака з запечанымі ў ім з таматным соусам кавалачкамі мяса, сыру, гародніны, грыбоў.