Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каратэ́

(яп. karate = літар. голымі рукамі)

спартыўная барацьба, якая выкарыстоўвае прыёмы японскай сістэмы самаабароны без зброі, што заснаваны на ўдарах рукамі і нагамі па найбольш уразлівых месцах цела саперніка.

карбюра́тар

(фр. carburateur)

прыбор у рухавіку ўнутранага згарання для ўтварэння гаручай сумесі з вадкага паліва і паветра.

кардына́л

(польск. kardynał, ад лац. cardinalis = галоўны)

1) вышэйшы (пасля папы) духоўны сан у каталіцкай царкве, а таксама асоба, якая мае гэты сан;

2) пеўчая птушка сямейства аўсянкавых з ярка-чырвоным пер’ем, якая водзіцца ў Амерыцы.

кардына́льны

(лац. cardinalis = галоўны)

самы важны, асноўны, істотны (напр. к-ыя змены).

кардыягра́ма

(ад гр. kardia = сэрца + gramma = запіс)

графічны паказ на паперы работы сэрца.

кардыяло́гія

(ад гр. kardia = сэрца + logos = вучэнне)

раздзел медыцыны, які вывучае будову, функцыі, хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы і распрацоўвае метады іх лячэння.

кардэбале́т

(фр. corps de ballet)

калектыў артыстаў балета, які выконвае групавыя танцы.

ка́рдэр

(англ. carder)

падробшчык крэдытных картак, які выкарыстоўвае іх для набыцця тавараў і паслуг у Інтэрнэт-магазінах.

кар’е́ра

(іт. carriera = бег, жыццёвы шлях)

1) паспяховае прасоўванне наперад у службовай, навуковай або якой-н. іншай дзейнасці;

2) род заняткаў, прафесія (напр. ваенная к.).

ка́рма

(англ. karma < санскр. karma = дзеянне)

1) адно з асноўных паняццяў індыйскай рэлігійна-філасофскай сістэмы, якое абазначае суму ўчынкаў усякай жывой істоты, што вызначае характар наступных нараджэнняў і пераўвасабленняў;

2) лёс, прадвызначэнне.