Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Міс ’між’ (Жд. 1). Да міз (гл.).

Мі́са, мы́са, мі́ска, мы́ска, мэ́ска ’гліняная, металічная або выдзеўбаная з наросту на дрэве шырокая і глыбокая, круглай формы пасудзіна для яды’, ’таз’ (ТСБМ, Яруш., Дразд., Шат., В. В., Сцяшк., Грыг., Бес., Яруш., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), мі́сачка, мы́сочка, ’пачатак матачніка’, ’чарачка ў сотах’ (бяроз., Анох.; нараўл., браг., ЛАПП), лаг. ’пладаножка жолуда’ (Шатал.), ст.-бел. миса ’міса’. Укр. ми́са, ми́ска, рус. ми́ска, миса, польск. misa, чэш. mísa, славац. misa, макед., балг. миса, ст.-слав. миса — старажытнае запазычанне з нар.-лац. mēsa ’стол’ < лац. mēnsa ’тс’ (Бернекер, 2, 61; Брукнер, 338; Фасмер, 2, 627; Махэк₂, 364), магчыма, праз гоц. mēs ’стол’ (Мее-Ваян, 47; Брукнер, AslPh, 42, 142).

Мі́сія ’заданне, даручэнне’, ’высокае прызначэнне’, ’дыпламатычнае прадстаўніцтва’, ’місіянерская арганізацыя’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 77), запазычана з рус. мовы. Аднак яшчэ ст.-бел. миссия ’дэлегацыя, пасланая ў іншую краіну са спецыяльнай мэтай’ (XVII ст.) са ст.-польск. misyja, missyja, якое з с.-лац. missio ’адпраўленне’ < лац. mittere ’пасылаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 32).

Мі́сто ’горад’ (Клім., Булг.) місцо ’тс’ (Д.-З., Шн.). Да ме́ста (гл.).

Містры́ня ’кіраўнік дома, ключніца’ (Нас.). Да ахмістры́ня (гл.).

Містрыпі́чка ’рухавая, гаваркая асоба з тоненькім галаском’ (полац., Нар. лекс.). Няясна.

Мі́стыка ’вера ў надпрыродныя, таямнічыя сілы і зносіны з імі чалавека’, ’нешта загадкавае, нерастлумачальнае’ (ТСБМ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77), якое праз зах.-еўр. мовы прыйшло са ст.-грэч. μυστικός ’таямнічы’. Не выключана ў якасці пасрэдніцы польск. мова, як у лексемы містэрыя ’тайныя абрады ў гонар бажаства ў старажытных краінах’, ’рэлігійная драма ў сярэднія вякі’, ст.-бел. мистерия ’містэрыя, таінства’ (XVI ст.), якое са ст.-польск. misteryjum < с.-ням. Mysterium (мн. л. Mysteria) < лац. mystērium < ст.-грэч. μυστήριον ’тайна, таінства’ (Булыка, Лекс. запазыч., 179; Фасмер, 2, 627) < ст.-грэч. μύω ’закрываю вочы, стульваю губы’.

Місцю́к, місьцю́к ’мастак, майстар, знаўца’, ’зух’ (Нас., Грыг., Бяльк.; паўд.-усх., КЭС), укр. мистю́к, рус. мастюк. Параўн. яшчэ бел. мастак. Усе з’яўляюцца пераўтварэннем са ст.-бел. майстеръ, майстръ, мастеръ, мистръ, мийстръ ’майстар, начальнік, правіцель’, ’настаўнік’, ’кат’, якія праз ст.-польск. мову прыйшлі з с.-в.-ням. meistere лац. magister ’правіцель; кіраўнік, настаўнік’ (Карскі, Труды, 312; Жураўскі, Бел. мова, 61; Булыка, Лекс. запазыч., 189).

Місю́гін ’вар’ят’ (Шат.), рус. миши́гинер ’дурны, юродзівы’. З ідыш ein Meschuggener (чэш. mišuge, mešuge ’тс’), якое са ст.-яўр. mesuggah (Шатэрнік, 158; Фасмер, 2, 630). Не выключана магчымасць кантамінацыі ідыш і слова, утворанага (накшталт чэш. misogyn ’жанчынаненавіснік’) са ст.-грэч. μισέω ’ненавідзець’ і γυνή ’жанчына’.