Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мім камічная імправізаваная сцэнка’, ’акцёр гэтай сцэнкі’, ’выканаўца пантамімы’ (ТСБМ). З рус. мим ’тс’, якое, відаць, праз франц. mime ’тс’ (XVIII ст.) са ст.-грэч. μίμος ’пераймальнік, імітатар’.

Мі́ма ’не спыняючыся, не затрымліваючыся пасля чаго-небудзь’, ’каля, побач’ (ТСБМ, Яруш., Кліх; паст., Сл. ПЗБ), мі́мо ’акрамя, паміма’ (ТС), мімаходзь ’мімаходам’ (карм., Мат. Гом.). Укр. ми́мо, рус. ми́мо, ни́мо, ст.-польск. mimo, nimo, imo, mieno, mino (як і н.-луж. і славен.), каш. mimö, славін. mjĩvo, палаб. maimü, в.-луж. nimo, арх. mimo, чэш. mimo, ímo, мар. mimová, mimové, славац. mimo, славен. mȋmo, mímo, memo, mem, mino, серб.-харв. ми̏мо, макед. у прэфіксе: мимолетен, балг. арх. мимо, ст.-слав. мимо. Значэнні: ’каля, побач’, ’без’, ’акрамя’, ’супраць’, ’нягледзячы на’, ’над-, вышэй-, больш за’, ’у параўнанні з іншымі’. Прасл. mimo з’яўляецца прыслоўем, утвораным ад дзеяслова mi‑nǫti пры дапамозе суфікса ‑mo, як бел. крычма, дарма і інш. (Міклашыч, 197; Бернекер, 2, 59; Зубаты, Studie, 412; Фасмер, 2, 622; ESSJ SG, 1, 112–114; БЕР, 3, 798; у іншых слав. мовах: Шлівіч–Шымшыч, ЗФЛ, 3, 1960, 135–152; Рытталь, Por. jęz., 2, 1972, 72–82; Кочыш, Kult. sl., 1, 1971, 14–17).

Мі́міка ’рухі мышцаў твару’, ’мастацтва выражаць пачуцці і настрой рухамі мышцаў твару’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 77), з рус. мовы. Далей указваюць на ст.-грэч. крыніцу запазычання (Ин. сл.₁₆, 321) μιμικός ’мімічны’. У сапраўднасці ж з с.-лац. ars mimica ’мастацтва жэстаў’, якое са ст.-грэч. μιμική τέχνη ’тс’.

Мімоза ’(суб)трапічная расліна Mimosa pudica’, ’крыўдлівая, сарамлівая асоба’, ’ленкаранская акацыя, Caragana Lam.’ З рус. мимо́за ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88). Да мім (гл.). Матывацыя: пры дотыку да лісткоў яны згортваюцца, «мяняюць твар». Паводле формы — з лац. або франц. мовы (параўн. франц. plante mimeuse ’недатыка, незачэпа’).