Мі́на 1 ’снарад з выбуховым рэчывам’ (ТСБМ, Яруш.). З польск. mina ’тс’ (Клюге, Poln., 77), якое з новав.-ням. Mine ’падземны ход’; апошняе ў XVII ст. з франц. mine < с.-лац. mina ’руднік’ < с.-ірл. mēin, уэльск. mwyn ’руда’ (Гамільшэг, 613; Клюге₂₀, 479).
Мі́на 2 ’выраз твару’ (ТСБМ, Нас., ТС; КЭС, лаг.), міны ’тс’, (Грыг.). З польск. mina ці з рус. мина ’тс’, якія (праз ням. Miene ’тс’, XVII ст.) з франц. mine ’тс’ (Фасмер, 2, 623; SWO, 1980, 479; Даза, 477) ці італ. mina < лац. mima ’актрыса-мім’.
Мінаві́цы (мн.) ’кружны шлях’ (Кліх), ’наўкол, кругом’ (ваўк., Сцяшк. Сл.). З польск. manowiec, manowisko ’бездарожжа’, ’невядомы, ілюзорны пераход’, ’пабочная памылковая дарога’. Да мана́, падма́н (гл.). Пачатковае мі‑ (замест ма‑) пад уплывам абміну́цца, міну́ць.
Мінарэт ’вежа мячэці’ (ТСБМ). У літар. бел. мову прыйшло з польск. minaret або з рус. минарет, якія (праз ням. Minarett ці франц. minaret) прыйшлі з тур. minare < араб. mināra ’мінарэт’, — першапачаткова manāra ’месца, дзе гарыць агонь або ёсць святло, маяк’ (Фасмер, 2, 623). Аднак ёсць тур. minaret ’месца на вежы, з якога муэдзін ззывае на малітву’. Відавочна, лексема магла б быць вядомай у бел. гаворках тых населеных пунктаў, дзе пражывалі бел. татары.
Міна́ць ’праходзіць побач’ (Нас., Шат., Касп., Растарг.), ’абыходзіць’ (вільн., Сл. ПЗБ; ТС), ’прапускаць, абганяць’ (паўд.-усх., КЭС), міна́цца ’сустракацца’ (Нас.), ’праяжджаць, праходзіць міма’ (Растарг., ТС; стаўбц., Сл. ПЗБ). Да міну́ць (гл.).
Мінда́ль 1 ’расліна і плады Amigdalus’ (ТСБМ). З рус. миндаль (Крукоўскі, Уплыў, 73), якое з польск. migdał з другаснай назалізацыяй пад уплывам м‑ (Фасмер, 2, 623). З рус. мовы і мінда́ліна ’залоза ў глотцы’, ’жаўлак у горнай пародзе’ (ТСБМ, БелСЭ, 7).
Мінда́ль 2 ’медаль’ (Шат.). З меда́ль (гл.); ‑н‑ пад уплывам другаснай назалізацыі з пачатковага м‑.
Мі́нджа ’маўклівы чалавек’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Балтызм. Параўн. літ. mìndžoti ’ненавідзець, пагарджаць, грэбаваць’.
Міндру́к ’свіны страўнік’ (тураў., Выг. дыс.; ТС). З польск. minderak, miderak ’скураны фартух’, ’ліф, гарсэцік’, якое з ням. Mieder ’тс’. Суфікс, як у ⁺каўбу́к, бар. каўбу́х ’страўнік жывёлы’, драг. тэ́льбух ’вялікі жывот’, ’страўнік’.
Мінера́л ’прыроднае неарганічнае злучэнне (крышталі) — частка зямной кары’ (ТСБМ). З рус. минерал ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 87), у якой праз ням. Mineral (з XVI ст.) або франц. minéral < с.-лац. (aes) minerāle ’руда з шахты’ (Фасмер, 2, 623–624). Роднаснае да мі́на 1 (гл.). Сюды ж палес. мінера́лка ’жоўтая пясчаная глеба’ (Выг. дыс.).
Міне́я ’царкоўная кніга з тэкстам набажэнстваў на кожны дзень месяца, якая змяшчае і жыцці святых, апавяданні аб царкоўных святах’ (ТСБМ). Ст.-рус. минеꙗ ’тс’ (XI ст.), запазычанае з с.-грэч. μηναῖον, мн. л. μηναῖα ’месячныя’ (Праабражэнскі, 1, 537; Фасмер, 2, 624).
Мінёны (мн. л.), ‑аў ’узоры на тканіне, вытканай у чатыры ніты’, мінёны(й) ’які мае колеры вясёлкі’ (Бяльк.) — калька з балт. моў, параўн. літ. marginỹs ’узор’ — margúoti ’мільгацець’. Да мяня́ць, мяня́цца. Параўн. таксама зах.-рус. асташк. менне́ться ’блішчэць’.