Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Мол1 ’высокі і доўгі вал у порце’ (ТСБМ). З рус. мол ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), якое з італ. molo ’тс’ (Фасмер, 2, 641).

*Мол2, ст.-бел. молъ ’мул’ (Карскі, Труды, 312). Да мул (гл.).

Моладзь ’маладое пакаленне’, ’маладыя людзі’, ’маладосць’, моладдзю ’ў маладыя гады’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш.). Укр. молодь ’моладзь’. Бел.-укр. ізалекса. На іншай слав. тэрыторыі семантыка адрозніваецца (параўн. Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 41). Прасл. moldь. Да малады́ (гл.).

Молаж, стол. мо́лож ’частка пчалінай сям’і, якая шукае месца для пасялення рою’ (ЛАПП). Утворана ад прыметніка mold‑ъ > малады́ (гл.) пры дапамозе суфікса ‑jь.

Молакі ’малако’ (Нас.) у выразе: сёлета ў кароў молакаў мала — ведзьмы молакі адбіраюць. Да малако (гл.). Няясным застаецца ўжыванне лексемы ў мн. л.

Молан ’маланка’ (гарадоў, ДАБМ, к. 311), молань (в.-дзв.), молання ’тс’ (глыб., Сл. ПЗБ). Да мала́нка1 (гл.).

Молат1, мо́лот ’вялікі цяжкі малаток’, молото́к, малаток, мылаток ’тс’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Тарн.; Сл. ПЗБ, ТС; драг., Жыв. сл.; нясв., Нар. словатв.). Укр. молот ’тс’, валынск. ’даўбешка’, рус. молот(ок), польск. młot, чэш., славац. mlat, славен. mlȃt, серб.-харв. мла̑т, балг. млат, ст.-слав. млатъ; прасл. moltъ з’яўляецца іт. пранікненнем (maltos) на зах.-балт. моўную перыферыю (Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., Мн., 1978, 28). Блізкай да гэтай версія Нідэрмана (IF, 15, 109) — лац. malleus (< maltens) і Махэка₂ (368). Іншыя (гл. Фасмер, 2, 647) — малаімаверныя.

Молат2 ’мука са змешанага збожжа’ (Нас.), беш. мо́лът ’асадак з вадкасці’ (Нар. сл.), молата ’сусла, піўная гушча’ (Грыг.). Укр. молот ’солад’, ’жамерыны’, рус. валаг. молодь ’пена на маладым піве, квасе’, польск. młoto, óto, młota ’солад, які выходзіць пры прыгатаванні піва’, чэш., славац. mláto ’адыходы пры гатаванні піва’, славен. mláto, mláta ’тс’, серб.-харв. мла̏та ’стоўчанае і згатаванае зерне для варэння піва’. Прасл. molto (якое з mel‑ti > малоць), запазычанае з прагерм. у выглядзе malta (Мартынаў, Лекс. взаим., 126–128; Уленбек, РВВ, 20, 40; Бернекер, 2, 73 насуперак Міклашычу, 200, Мацэнаўэру, CS, 255; Траўтман, Altpreuß., 400).

Молка ’малаццё ў млыне’ (Нас.), рус. смал. молка ’тс’. Рэгіяналізм. Да малоць.

*Молкаса, ст.-бел. молкаса ’глінішча’ запазычана з літ. molkasė, mólkasis ’тс’ (Яблонскіс, 128; Булыка, Лекс. запазыч., 209).

Мо́лмон ’жоўты гарлачык, Nuphar luteum (L.) Sm.’ (ТС). З мо́мол ’белы гарлачык’ < укр. момич ’жоўты гарлачык’. Гл. таксама момель.

Молна ’маланка’ (целях., ганц., ДАБМ, к. 311). Да маланка1 (гл.).