Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).