Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мор ’павальная смерць, эпідэмія’ (ТСБМ; віл., Сл. ПЗБ). Укр. мір, рус. мор, польск. mór, в.-луж. mór, чэш. тог, славен. mór ’тс’; серб.-харв. мор ’паміранне’, макед. мор ’мор, чума’, балг. морът, ст.-слав. моръ ’зараза, язва’. Прасл. morъ < mer‑ti ’паміраць’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãras, maraĩ ’мор, чума’, ст.-інд. maras, māras ’смерць, мор’ (Бернекер, 2, 80; Фасмер, 2, 651).

Мора, мо́рэ ’частка акіяна, вялікая прастора вады’, ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Бес., ТС), стол. ’заліты вадою луг’ (Нар. лекс.). Укр. море, рус. море ’мора’, ’возера’, польск. morze, н.-, в.-луж. mor jo, чэш. moře, славац. more, славен. morjȇ, серб.-харв. мо̏рје, макед. море, балг. море́, ст.-слав. море. Прасл. morje ’мора’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãrios, mãrės ’Куршскі заліў’, жамайцк. ’мора’, ’Балтыйскае мора’, ст.-прус. mary, лат. mare, mara ’заліў’, гоц. marei ’мора’, ірл. muir, лац. mare ’тс’, з іншай ступенню чаргавання: ст.-в.-ням. muor ’лужына, балота’, ст.-фрыз. mâr ’роў, ставок’, англ. marsh, новав.-ням. Marsch ’забалочаная нізіна’, хецк. ma(r)‑ marra ’балота’ (Фасмер, 2, 654–655 з л-рай). І.‑е. *mari ’мора, стаячая вада’, якое на слав. глебе пашырылася суфіксам ‑o‑, як ezero, pleso (Махэк₂, 374). Шпэхт (Dekl., 119) выводзіць і.-е. праформу *mor‑(u)‑ ’цёмны колер’, параўн. ст.-грэч. μόρυχοσ ’брудны, цемнаваты, змрочны’, каўказск. mere, merede, merevi ’вада, глыбіня, возера’, манг. mörö ’вялікая рака’ (Скок, 2, 456; Бязлай, 2, 195; Гамкрэлідзэ–Іваноў, 672–3, 943).

Морак1 ’змрок, цемра’ (ТСБМ; Сцяшк.). Укр., рус. мо́рок, польск., н.-луж., в.-луж. mrok, чэш., славац. mrak, славен. mrȃk, серб.-харв. мра̑к, макед., балг. мрак, балг. мракът, ст.-слав. мракъ. Прасл. morkъ, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. mérkti, лат. miȓgt ’міргаць, маргаць’, гоц. maúrgins, ст.-в.-ням. morgan ’ранак’ (Бернекер, 2, 78; Траўтман, 182; Фасмер, 2, 657; Бязлай, 2, 199). Да і.-е. *meig‑ (Мяркулава, Этимология–1973, 59). Сюды ж морак ’абмарачэнне’ (ТС), ’адурэнне’ (Рам. 8) — параўн. літ. mán ãkys apmar̃ko ’ў мяне пацямнела ў вачах’.

Морак2 ’мор, пошасць’ (ТСБМ). З польск. po‑morek ’заразная хвароба на жывёлы’.

*Морак3, мо́рок ’недабітая цурка пры гульні ў цурку’ (ТС). Няясна.

Морак4 ’прымурак’ (маст., Сцяшк. Сл.). З польск. murek ’тс’, у якім адбыўся гіперправільны пераход польск. ó [y] ў бел. о [o].

Морась ’імжа’ (Юрч.), чавус. морысь ’дробны дождж, імгла’ (Нар. сл., Бяльк.; ваўк., Сцяшк. Сл.). Да мараса́ (гл.).

Морб ’абрубак з бервяна’ (Сцяшк.). Няясна.

Морва ’тут, Morus L.’ (Кіс.; віл., Сл. ПЗБ), ’чарнасліў’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Ст.-бел. морва ’шаўкоўніц’ запазычана са ст.-польск. morwa ’тс’, якое з лац. mōrum ’тс’, ’ажына’ (Булыка, БЛ, 9, 31) < ст.-грэч. μῶρον (Гесіхій), μόρον ’шаўковіца’. Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 77) выводзіць з літ. mõras/morva ’тс’, якое, аднак, таксама з польск. мовы.

Морг1 ’трупярня’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. morgue ’тс’.

Морг2 морг̌, морх, морк ’старая мера зямлі = 0,71 га’ (ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Шпіл., Выг. дыс., Чуд., Сцяшк., Шат., Бяльк.), навагр., ст.-дар. ’мера зямлі каля 0,56 га’ (Бел. хр. дыял., Прышч.), ’мера сенажаці ў селяніна’ (Нас.), ’мурог’ (петрык., Шатал.), маргі ’ўчастак лугу’ (Касп.), маргі жаць, маргі рабіць ’выконваць павіннасць па ўборцы збожжа для пана’ (полац., Хрэст. дыял.), ст.-бел. моркгъ, моргъ ’мера зямлі’ (XIV ст.) запазычана са ст.-польск. morg, morg, morga (Чартко, Пыт. мовазн., 118; Юрэвіч, Зб. Крапіве, 291; Кюнэ, 76, 78; Булыка, Лекс. запазыч., 154; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 77).

Морг3 (выкл.) і моргаць ’маргаць’ (ТСБМ), морьг! ’пра аднаразовае морганне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Да марга́ць (гл.).

Моргава ’морква’ (Жд. 1), моргаўка, морг̌аўка, морг̌ава ’тс’ (Сл. ПЗБ; мядз., Жыв. сл.; смарг., Шатал.). Да морква (гл.). Фанетыка і марфалогія слова аформлены пад уплывам літ. мовы (суфікс ‑avas).

Морд, ст.-бел. мордъ ’забойства, разбой’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. mord, якое з ням. Mord ’тс’ (параўн. гоц. maúrþrjan) (Карскі, Труды, 338; Чартко, Пыт. мовазн. і метод., 118; Булыка, Лекс. запазыч., 41).

Морда1 ’пярэдняя частка галавы жывёлы’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.; лід., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., Сл. Брэс.; Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ; хойн., капыл., КЭС), ’шчака’ (ТС; пін., Сл. Брэс.), марда́ць ’надзяваць наморднік’ (Крыў., Дзіс.), марда́чы ’мардаты’ (лід., Сл. ПЗБ), мардач ’удар па твары’ (Растарг.), мардахлы́ст ’п’яніца’, марда́сты ’таўстагубы, таўстаморды’ (Нас.), мардагля́д ’люстэрка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. морда, рус. морда, усх.-польск., мазавецк., паўн.-малапольск. morda ’морда свойскіх жывёл’. Паводле Бартоламэ (440), запазычана з іран. мовы (параўн. авест. ka‑mərəδa ’агідная галава’) і з’яўляецца роднасным да ст.-інд. mūrdhán‑ ’лоб, галава, вяршыня’, англасакс. molda ’галава’, ст.-грэч. βλωθρόσ ’які высока падняўся’ (Фасмер, 2, 652–653); Пізані (Paideia, 9 (4–5), 1954, 312) дапускае роднаснасць слав. морда з лац. mordēre ’кусаць, грызці, есці, жэрці’ і інш. Курціна (ОЛА–1972, 215–217), прымаючы пад увагу семантычныя адносіны рада слоў у зах. і паўд.-слав. мовах з асновай mъrd‑ ’хутка рухацца’ → ’крыўляцца’ → ’грымаса’, а таксама сінанімію ст.-рус. мордати і моркати ’крыўляцца’, выказвае дапушчэнне аб роднаснасці ўсх.-слав. морда і славен. mȓd ’грымаса’ і аб спрадвечнай агульнасці асноў mъrk‑/mъrd‑/mъrg‑, якія развіліся з кораня mъr‑ < і.-е. *mer‑ (Покарны, 1, 733). Яшчэ раней Краўчук (БЛ, 6, 79) выказаў меркаванне, што слав. морда не іранізм, а слав. пеяратыўнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу славен. mrdati ’махаць, варушыць’ > mrda ’грымаса’ > ’скрыўленая фізіяномія’. Сюды ж ст.-бел. мордка ’грашовая адзінка’ (Юрэвіч–Яновіч, Зб. Крапіве, 297).

Морда2 ’лазовы кош для лоўлі рыбы’ (гродз., Сцяшк. Сл.), брэсц. ’аднагорлавы буч з дубцоў або з дранак’ (Браім, 61). Рус. паўн. мо́рда, морда́ ’нерат, венцер, буч’, а таксама ме́рда, мерёда, якія з уграфінскіх моў, параўн. карэльск. merta, эст. mōrd, ліўск. mørda ’буч’ (Праабражэнскі, 1, 556; Каліма, 164; Фасмер, 2, 601 і 653).