Молат1, мо́лот ’вялікі цяжкі малаток’, молото́к, малаток, мылаток ’тс’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Тарн.; Сл. ПЗБ, ТС; драг., Жыв. сл.; нясв., Нар. словатв.). Укр. молот ’тс’, валынск. ’даўбешка’, рус. молот(ок), польск. młot, чэш., славац. mlat, славен. mlȃt, серб.-харв. мла̑т, балг. млат, ст.-слав. млатъ; прасл. moltъ з’яўляецца іт. пранікненнем (maltos) на зах.-балт. моўную перыферыю (Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., Мн., 1978, 28). Блізкай да гэтай версія Нідэрмана (IF, 15, 109) — лац. malleus (< maltens) і Махэка₂ (368). Іншыя (гл. Фасмер, 2, 647) — малаімаверныя.

Молат2 ’мука са змешанага збожжа’ (Нас.), беш. мо́лът ’асадак з вадкасці’ (Нар. сл.), молата ’сусла, піўная гушча’ (Грыг.). Укр. молот ’солад’, ’жамерыны’, рус. валаг. молодь ’пена на маладым піве, квасе’, польск. młoto, óto, młota ’солад, які выходзіць пры прыгатаванні піва’, чэш., славац. mláto ’адыходы пры гатаванні піва’, славен. mláto, mláta ’тс’, серб.-харв. мла̏та ’стоўчанае і згатаванае зерне для варэння піва’. Прасл. molto (якое з mel‑ti > малоць), запазычанае з прагерм. у выглядзе malta (Мартынаў, Лекс. взаим., 126–128; Уленбек, РВВ, 20, 40; Бернекер, 2, 73 насуперак Міклашычу, 200, Мацэнаўэру, CS, 255; Траўтман, Altpreuß., 400).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)