Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лю́таваць ’праяўляць жорсткасць’, ’праяўляцца з вельмі вялікай сілай’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Растарг.). Да лю́ты (гл.).

Лютава́ць ’паяць’ (нясв., дзярж., Нар. словатв.). З польск. lutować ’тс’, якое з с.-в.-ням. loeten, ням. löten < с.-в.-ням. lōt, сілезск. lutt, ням. Lot ’сплаў металаў, які служыць для іх спайкі’ (Слаўскі, 4, 390). Гл. таксама літава́ць.

Лютае́ж ’жывёла, якая дрэнна есць’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ’пераборлівы ў ядзе чалавек’ (Сцяц.). Да прасл. lʼuto(j)ědjь (Трубачоў, Эт. сл., 15, 226).

Лю́тар ’бязбожнік’ (Сцяц.), ст.-бел. лютаръ, лютеръ, люторъ, лютеранинъ (XVI ст.) ’лютэранец’, якія са ст.-польск. luter, lutaranin, luteryjanin. Утвораны ад прозвішча Марціна Лютэра — Luther, дзеяча нямецкай Рэфармацыі. Праціўнікі вучэння Лютэра збліжалі яго прозвішча з прыметнікам люты, параўн. лю́тыр ’мучыцель, кат’ (Нас.), са значэннем ’чужынец’: палес. оўруцк. лю́трі ’іншаверцы’ > ’чужаземцы’ (Булыка, Запазыч., 192).

Лютві́н ’літвін’ (Мал.). Да ліцвін (гл.). Лю‑ замест лі‑ (лы‑), магчыма, пад уплывам народнай этымалогіі са словам лю́ты. Аб аналагічным пераходзе гл. таксама лы́нуць.

Лю́тка, люткі ’гарошак балотны, Lathyrus pratensis L.’ (Кіс., Дэмб. 1, Касп.). Да люцік (гл.). У рус. гаворках лексемай лютик называецца з паўтара дзесятка розных раслін; цвяр., вяц. лютки ’грушанка, Pyrola secunda L. і Pyrola uniflora L.’ У славац. гаворках для гарошка балотнага зарэгістраваны назвы: džuk, ďuk, dźukova nacina, і, калі ўлічыць суседняе ўкр. дюг ’злы дух’, можна меркаваць, што і назва лю́тка звязана з прыметнікам люты ’злы’. Аднак аб сувязі гэтай расліны са злым духам нічога не вядома (Махэк, Jména, 127–128).

Лю́тневы ’лютаўскі’ (Гарэц.). Паводле гэтага ўтварэння прыметніка можна дапусціць зыходную форму назвы месяца лютага ⁺люцень. Такую форму lucień рэканструюе Слаўскі (4, 362) паводле прыметніка lutniowy і разам з укр. лютень (лютневий) выводзіць праформу lʼut‑ьn‑jь.

Лю́тня ’струнны шчыпковы музычны інструмент’ (ТСБМ), ст.-бел. лютня, лютина (XVI ст.), запазычана са ст.-польск. lutnia ’тс’, ’сузор’е’, якое з с.-в.-ням. lūte (суч. ням. Laute) < італ. liuto, ст.-франц. leüt < араб. al‑ʼūd ’тс’ (Слаўскі, 4, 389; Булыка, Лекс. запазыч., 166). Сюды ж ст.-бел. лютниста ’лютніст’ (XVII ст.), якое са ст.-польск. lutnista < с.-в.-ням. lūtenist (Булыка, там жа, 159), а таксама бел. лютневы (аб музыцы) і лютнёвы ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб.).

Лю́ты ’злы, крыважэрны (пра жывёл)’, ’жорсткі, бязлітасны’, ’кровапралітны’, ’невыказна цяжкі’, ’суровы, крайне строгі’, ’вельмі моцны ў сваім праяўленні’, ’сіберны (пра з’явы прыроды), рэзкі, халодны’ — адсюль і назва другога месяца каляндарнага года — лю́ты (Нас., Бяльк., Шат., Гарэц., Бес., Яруш., ТС, ТСБМ). Булахаў (Гіст., 121–122) для ст.-бел. лютый вылучае наступныя значэнні: ’дзікі, неўтаймаваны, драпежны (звер)’, ’раз’юшаны, шалёны (чалавек)’, ’вельмі жорсткі, крывавы, кровапралітны (бой, зброя, сеча)’, ’бязлітасны, пакутлівы, вельмі цяжкі (стан здароўя)’, ’надзвычай халодны, марозны (зіма, другі месяц года)’. Укр. лю́тий, рус. лю́тый, люто́й, польск. luty азначаюць ’строгі, дзікі, бязлітасны, жорсткі’, ’халодны, марозны’ і ’другі месяц зімы’; толькі ў серб.-харв. гаворках лути мае апошняе значэнне; у іншых мовах: чэш. litý, ст.-чэш. lʼutý, славац. ľúty, славен. ljȗt, серб.-харв. љу̑т, макед. лут, балг. лют, ст.-слав. лютъ абазначаюць ’дзікі, злы, востры, строгі, бязлітасны, крыважэрны, крохкі, ломкі, кіслы, вельмі горкі, нязносны, атрутны’ і да т. п. Прасл. lʼutъ, якое збліжаюць з кімр. llid (< *lūto ’гнеў, раз’юшанасць’), з тах. прыслоўем lyutār ’вельмі’. Трубачоў (Эт. сл., 15, 236) суадносіць яго з і.-е. *leu‑, *leu̯ǝ‑, *lēu‑, ’аддзяляць’. Іншыя менш імаверныя версіі і л-ру гл. Фасмер (2, 547), Скок (2, 340–342), Бязлай (146), БЕР (3, 581–584). Сюды ж лю́тасць ’люты, раз’юшаны, гнеўны стан’ (ТСБМ). Аб бел. палютый, укр. палютий — назва 13‑га месяца паміж зімой і летам (вясной) гл. Шаўр (Этимология–71, 93–101). Аб выразе лютый звѣрь ’дзікая жывёла (леў, барс, мядзведзь і інш.’, ’казачная жывёла (змей, гривь)’ гл. артыкулы Сумнікавай, Сабаляўскаса і Іванава ў БСИ, 1984, 59–79.

Лютэрка (ж.) ’драўлянае маленькае колца калаўрота, якое знаходзіцца побач са шпулькай і перадае ёй рух вялікага кола’ (в.-дзв., Шатал.). Да мутэрка (гл.). Параўн. таксама літэрка.