Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Люд ’народ, людзі’, ’зборышча людзей, натоўп’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Ян.; віл., Сл. ПЗБ). Укр. люд, рус. люд ’тс’, польск. lud, ст.-польск. ’падданыя’, н.- і в.-луж. lud ’тс’, ’войска’, н.-луж. luś ’чалавек’, палаб. lʼai̯dai̯ ’людзі’, чэш. lid, ст.-чэш. ľud ’люд’, славац. ľud ’тс’, славен. ljȗd, харв. (да XV ст.) ljudje, балг. (арго муляраў) люд ’чалавек’, ст.-балг. людъ ’народ’, ст.-слав. людиѥ ’народ’, людинъ ’вольны чалавек’. Прасл. lʼudъ ’народ, людзі, звязаныя агульным паходжаннем і мовай’ < і.-е. *leudho‑ < *leudh‑ ’расці’, літ. liáudis ’народ’, liaudžià ’дамачадцы’, лат. ļàudis ’людзі’; ст.-в.-ням. liut, с.-в.-ням. liute ’народ’, бургундск. leudis ’свабодны чалавек’, ст.-грэч. ἐλεύθερος, лац. liber ’тс’, līberi ’дзеці’; ст.-інд. rṓdhati, ст.-іран. raoðaiti ’расце’, гоц. liudan ’расці’, алб. lenj ’нараджаюся, узнікаю’ (Фасмер, 2, 545; Слаўскі, 4, 363–364; Скок, 2, 339–340; Махэк₂, 331–332; Шустар-Шэўц, 12, 865–866; Бязлай, 2, 146; БЕР, 3, 576–577). Мартынаў (Лекс. взаим., 96–98) лічыць, што прасл. ljudъ запазычана з прагерм. leuda. Сюды ж і лю́дзі, людцэ́, людзячкі, людке́ ’людцы’ (Шат.; ст.-дар., Сл. ПЗБ), людзёнак ’чалавек’ (полац., Нар. лекс.), людзі́на ’жанчына’ (Сцяшк.), людзі́на, люды́на, людзіна́ ’чалавек, асоба’ (Сл. ПЗБ, Федар. Дад.; Ян., ТС; КЭС, лаг.), людзі́ска, люды́ска ’людзі’ (Сл. ПЗБ), людя́ ’чалавек увогуле’ (Бес.); лю́дносць ’людзі’ < польск. ludność ’насельніцтва’ (дзятл., Сл. ПЗБ), людкове ’людзі’ (Сцяшк.) < польск. ludkowie ’просты люд’.

Людае́д, любое́д ’першабытны чалавек’ (ТСБМ, ТС). Прасл. lʼudojȇdъ. Да люд і есці (гл.). Паняцце ’дрэнны, ліхі, благі’ спрыяла змене лексемы лютаедлівы ’пераборлівы ў ядзе’ ў людае́длівы, людаежлівы (лях., ваўк., Сл. ПЗБ).

Людае́дзіца ’людаедка’ — так называюць свякроў, нявестку (у песнях) (Нар. Гом.). Лексема складае з рус. людаедица (перм., арханг., тул., арл.) адзін арэал. Да людае́д (гл.).

Людзець ’мець павагу да людзей’ (смарг., Сцяшк. Сл.). Праславянскае ўтварэнне на ‑ěti ад lʼudъ (Трубачоў, Эт. сл. 15, 190).

Людзі, людэ ’людзі’, ’сяляне, рамеснікі, рабочыя’, ’пабочныя асобы’, ’асабовы склад войска’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. лю́ди ’людзі’, ’просты люд’, ’мужчыны’, рус. лю́ди ’людзі’, ’падданыя’, ст.-рус. людиꙗ, люди ’вольныя людзі’, ’сведкі’, ’ніжэйшы слой грамадства’, ’падданыя, служба’, польск. ludzie ’людзі’, ст.-польск. ’падданыя’, ’сяляне’, каш. lëz̦e ’служанкі, слугі’, палаб. lʼäudʼe, н.-луж. luźe, в.-луж. ludźo, ludźe ’людзі’, ’публіка’; чэш. lidé, ст.-чэш. ľudé, ľudie, славац. ľudia, усх. ľuʒe ’тс’; славен. ljudjẹ̑ ’людзі, люд’, ’слугі’, серб.-харв. љу̑ди ’тс’, ’падданыя’, ’грамадзяне’, макед. луѓе ’людзі’, луди, људи ’сям’я’, балг. люде, люди, людйе, луге, лугьо́, ст.-слав. людиѥ. Прасл. lʼudьje < і.-е. *leudheies. Да люд (гл.) (Фасмер, 2, 545; Слаўскі, 4, 368–369; БЕР, 3, 577; Трубачоў, История терм., 168–170; Шустар-Шэўц, 12, 867).

Людзя́ный ’людскі, ветлівы’ (Клім., Мат. Маг.). Да прасл. lʼuděnъ(jь) (Трубачоў, Эт. сл., 15, 190).

Людзя́ць1 ’гасцяваць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Балтызм (калька), параўн. літ. žmonė́tis ’тс’ < žmónės ’людзі’.

Людзя́ць2, людзя́цца ’жыць, апранацца па-людску’ (воран., Сл. ПЗБ). Відавочна, таксама ўтворана паводле літ. žmõginti ’ачалавечваць’, žmonė́tis ’кантактаваць з людзьмі’.

Людзя́чы ’ўдалы, добры’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), кам. людя́чый (Сл. ПЗБ) з суфіксам ‑яч‑ы, як дзіця́чы. Да лю́дзі (гл.).

Лю́днасць ’уласцівасць люднага, мнагалюднасць’, ’жыхары, насельніцтва’, ’колькасць людзей’ (ТСБМ, Нас.), людно́сць ’людзі’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Да прасл. lʼudьnostь.

Лю́дны ’мнагалюдны, шматлікі; такі, дзе звычайна бывае многа прахожых і праезджых’ (ТСБМ, Нас.), ’прыхільны да сваякоў’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ), ’таварыскі’ (Ян.), ’прыстойны, добры, людскі’ (ТС, Сл. ПЗБ). Да прасл. lʼudьnъ (< lʼudъ) ’які датычыць народа, звязаны з людам, людскім зборышчам’, ’уласцівы людзям’ (Слаўскі, 4, 365). Сюды ж людно ’людна’ (ТС), ’прыстойна, па-чалавечы’ (Нік.), людне́ць ’станавіцца людным, лепшым, выхаваным’, ’набываць якасці чалавечнасці, ветлівасці, пачцівасці’ (Нас., Янк. 3., ТСБМ).