Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Люфа ’ствол’, ’частка ружжа і снарада’ (Бес.). Запазычана праз польск. мову (дзе lufa ’тс’) з ням. Lauf ’ствол’, ’бег’ — уласна ствол надае кірунак (= бег), палёт снарада (Слаўскі, 4, 372; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151).

Люфт1 ’гара ў хаце’ (астрав., Сл. ПЗБ). Да люхт (гл.).

Люфт2 ’зазор паміж часткамі машыны’ (ТСБМ). З рус. мовы, дзе люфт ’тс’ як тэхнічны тэрмін быў запазычаны з ням. Luft ’зазор, шчыліна’.

Лю́фтачка ’фортка ў акне’ (іўеў., Сцяшк. Сл.) узнікла ў выніку кантамінацыі лю́фцік і фортачка (гл.).

Лю́фцік ’фортачка’ (Сцяшк., Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.) запазычаны з польск. lufcik ’тс’ (Слаўскі, 4, 373).