Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Люн, лю́на, люна́, лю́ны, люны́, луні́, люні́ ’багна, дрыгва’, ’зыбун’ (швянч., ігн. брасл., трак., астрав., Сл. ПЗБ), ст.-бел. люнъ ’дрыгва’, а таксама рус. ёнаўск. люны ’стаўкі, якія зараслі травой’, ст.-польск. lun, luń ’забалочаная зямля’ — усе паходзяць з літ. liū̃nas ’дрыгва, зыбун’. Адносіцца да ліку позніх запазычанняў (Талстой, Лекс. балт., 46; Лаўчутэ, Сл. балт., 32; Булыка, Лекс. запазыч., 209).

Лю́ннік ’сведка на шлюбе’ (усх.-палес., Мат.). Літуанізм. Параўн. літ. liùdininkas ’сведка’, у якім пасля выпадзення ‑i‑ зычныя ‑dn‑ у выніку асіміляцыі змяніліся ў ‑нн‑.

Лю́нскі ў выразе люнскае сукно ’замежны’ (Нас.), ст.-рус. лунское (лундское) сукно ’англійскае сукно’, лундышъ, лундушъ, люндышъ, ст.-чэш. Lúnský, ст.-польск. luneński, luński, lundysz — усе з с.-ням. lundisch, устар. lündsch, lünsch ’англійскае сукно з Лондана < Lunden ’Лондан’. Бел. назва ўзята з польск. luńskie sukno. Насовіч (275) памылкова выводзіць гэты прыметнік з назвы горада Лейдэн. Ст.-бел. люндышъ, лундышъ, люндишъ ’гатунак сукна’ (1578 г.) запазычаны са ст.-польск. lundysz (Булыка, Лекс. запазыч. 107).

Лю́нуць ’хлынуць’, ’накінуцца гуртам, каб зрабіць што-небудзь’ (Юрч. Вытв.), польск. lunąć, серб.-харв. љу́нути ’хлынуць’. Прасл. lʼunǫti < выклічнік lʼu (Трубачоў, Эт. сл., 15, 214).