Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Люці́зна, люты́зно ’пераборлівы’ (Клім.). Да лю́ты (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 103).

Люцы́пар, люцы́пер ’д’ябал’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Бяльк.), ст.-бел. люциферъ, люциперъ, люцыперъ ’тс’ (XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. lucyper, lucyfer (лац. lūcifer ’той, хто прыносіць святло’: lūx, lūcis ’святло’, ferre ’несці’), ’д’ябал’, ст.-польск. і ’Венера’. У некаторых айцоў царквы — гэта імя ўзбунтаванага анёла, скінутага ў пекла. Аналагічна і франц. lucifer ’сатана’, ’Венера’ (Слаўскі, 4, 362–363; Кюнэ, 73; Зайцава, Лінгв. дасл., 69; Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Люць ’лютасць’ (Нар. Гом.), укр. лють ’вялікі холад’, рус. уладз., калуж., маск. ’моцны мароз’, серб.-харв. љу̑т, lʼut ’сцюжа’, ’стромая скала’, ’голы камень’, ст.-чэш. lʼut. Прасл. lʼutь. Да лю́ты (гл.).

Люцэрна ’травяністая кармавая расліна, Medicago falcata L.’ (Кіс., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.). Запазычана з польск. lucerna ’тс’, якое з ням. Luzerne < франц. luzerne ’тс’ < лац. lucerna ’лямпа, ліхтар’ < lūcēre ’свяціць, быць ясным’. Матывацыя наймення не зусім ясная. Слаўскі (4, 362) мяркуе, што насенне яе адрозніваецца жоўтай бліскучай паверхняй, а жоўтыя кветкі выглядаюць яскрава; на пач. XVII ст. была польск. калька kaganiec ’тс’ (Гэтак жа БЕР, 3, 585). Махэк (Jména, 121) выводзіць назву расліны з назвы швейцарскага горада Luzern, параўн. харв. назву люцэрны švajcarska djetelina.