Лут 1, луток ’маладая ліпа, сук з ліпы, парастак, лазовы дубец, з якіх можна зняць кару на лыкі’, лу́цік, лу́цце ’скрутак лыка’, ’маладыя тонкія ліпы’, ’кара ліпы’ (Сержп. Грам., Нас., Нік. Очерки, Мікуц., Мядзв., Маш., Янк. БП, Шат., Шн. 1, Шн. 2, Дразд., Гарэц., Бяльк., Касп., Сцяшк. Сл., Шатал., Дэмб. 2, Янк. 1, ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; КЭС, лаг.; рэч., Нар. сл.; маз., З нар. сл.), тураў. лут і «гіперправільнае» лыт (у гэтых гаворках звычайна ы > у: мы́ла > му́ло) ’тс’ (ТС), луце́ц ’закручаны лут’ (КЭС, лаг.), лях. луток, лу́цік, віл. луце́ц ’ручка ў касе’ (Сл. ПЗБ). Укр. лут, лу́ття́ ’луцце’, закарп. лути́на ’дубец’, рус. лут, луть ’лыка, кара ліпы’, лута́ ’ліпа’, лутьё ’маладыя ліпкі’, польск. łęt ’дубец’, łęty, каш. łęta, łątë ’бульбоўнік’, славін. łąt ’кій’, мар. lut ’лыка’, loutka, серб.-харв. lȕtka ’лялька’. Прасл. паўн. lǫtъ, lǫta ’лыка’, ’маладая ліпа’ (Слаўскі, 5, 116–117; Фасмер, 2, 536; Урбуціс, Etiudai, 15), роднаснымі да якіх з’яўляюцца літ. lánta ’венік для лазні’, lentà ’дошка (спачатку ліпавая)’, ст.-в.-ням. linta, linda ’ліпа’, новав.-ням. lind ’лыка’, лац. lentus ’гнуткі, павольны’, алб. landë, lëndë ’лес — будаўнічы матэрыял’. Сюды ж лутовы ’лыкавы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Гл. яшчэ луці́ца.
Лут 2, лу́цік, лу́тка, лу́ткі ’вушак, бакавы стаяк асады дзвярэй і акон’ (Касп., Бяльк., Растарг., Мядзв., Нар. Гом., Юрч. Вытв., Мат. Гом., Мат. Маг.; рас., талач., Шатал.), ’шырокая дошка ў ніжняй частцы аконнага праёма’ (Яшкін, Бел. лекс., 166). Укр. лу́тка, рус. бран., смал., кур., калуж. лу́тка ’вяршнік’, ’бакавая частка шуфляды акна’. Да лут 1. Утварылася ў выніку пераносу значэння ’лут’ > ’друк’ > ’дошка’ > ’стаяк асады, вяршнік’ (параўн. паморск. łąt ’кій, друк’, літ. lentà ’дошка’. Гл. таксама луці́ца.
Лут 3 ’укормлены, але не тлусты чалавек’ (полац., Нар. лекс.), як лу́т ’тоўсты, укормлены’ (пух., Сл. ПЗБ; Ян.), ’гультай, лежань’ (Дразд., Гарэц., ТС), луця́ро ’тс’ (ТС), мазыр. лу́цік ’добра дагледжанае парася’, лу́тковуй ’тлусты’ (З нар. сл.); укр. харк. луца́к, луца́н ’таўстатвары чалавек’. Балтызм. Параўн. літ. lùtis ’тоўсты, на кароткіх нагах’, ’няўклюда’, паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 690), яшчэ і ’ўкормлены’.