Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Зуб1. Рус., укр. зуб, польск. ząb, луж., чэш., славац. zub, палаб. zǫb, славен. zȏb, серб.-харв. зу̑б, балг. зъб, макед. заб. Ст.-слав. зѫбъ, ст.-рус. зубъ (XI–XII стст.). Прасл. *zǫbъ ’зуб’ < і.-е. *gʼembh‑, gʼm̥bh‑, gʼombho‑s ’зуб’: ст.-інд. jámbhatē ’хапаць’, літ. žembiū ’разразаю’, ст.-інд. jámbha‑ḥ ’зуб’, грэч. γόμφος ’тс’, алб. dhëmb ’тс’, лат. zùobs ’тс’, літ. žam̃bas ’востры вугал’, ст.-в.-ням. kamb, суч. Kamm ’грэбень’, тах. A kam, B kerne ’зуб’. Роднаснае ст.-слав. зѧб‑сти ’прарастаць’, ’прадзіраць’, гл. зя́бліва. Трубачоў (ВЯ, 1957, 2, 90) узводзіць прасл. форму да і.-е. *gʼon‑bhos ’выступ, тое, што вырасла’ ад *gʼen‑ ’нарадзіцца’. Шанскі, 2, З, 111; Фасмер, 2, 106; БЕР, 1, 660–662; Скок, 3, 663; Траўтман, 369; Покарны, 369.

Зуб2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус. зуб смал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр. зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск. ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб1.

Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

Зубр ’Bison bonasus’. Рус., укр. зубр, польск. żubr, в.-луж., чэш. zubr, славац. zubor, славен. zǫ̑ber, серб.-харв. зу̏бар, зу̀бāр, балг. зубър. Ц.-слав. зѫбрь. Ст.-бел. зубр (Александрыя). Версія пра запазыч. зубр з ятвяж. *sumbris, літ. stum̃bras, лат. sumbrs (Буга, Rinkt., 1, 378–380; 2, 678–679 — пры кантамінацыі з зуб; Вяржбоўскі, Весці АН БССР, 1960, 3, 125–132) выклікае пярэчанні (Лаўчутэ, Сл. балт., 142). Фасмер (2, 107) указвае на верагоднасць першаснай (а не другаснай) сувязі з зуб. Іванаў (Этимология, 1975, 157) прапануе каўк. паралелі слову зубр, прымаючы сувязь *zǫbъ*zǫbrъ. Патрэбны далейшыя даследаванні.

Зубы́1 ’карункі, звязаныя зубцамі’ (навагр., Нар. сл.), зубэ ’карункі’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.). Рус. разан. зубья, ніжнегар. зубцы́ ’тс’, н.-луж. zubki ’карункі на жаночых сукнях’. Перанос па падобнасці знешняга выгляду на карункі ад зуб1 з афармленнем па мн. л.

Зубы́2 ’спарыння’ (пухав., Жыв. сл.), зуб ’буйное чорнае зерне ў жыце’ (чэрв., Нар. лекс.). Слова зуб1 уваходзіць у шэраг назваў раслін у слав. мовах, напр. у чэш., славен., верагодна, па падобнасці лісця ці насення. Бел. зубы паводле формы ражкоў, што ўзнікаюць на жыце і ў іншых каласах замест зярнят (хвароба злакаў Claviceps purpurea). Лекс. Палесся, 71.