Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зух ’хват’. Рус. дан., смал., укр. зух, польск. zuch (> чэш. zuch). Польск. zuch, якое, верагодна, з’яўляецца крыніцай усх.-слав. слоў, паводле Брукнера (657), скарачэнне ад zuchwały (гл. зу́хвал). Параўн. рус. дыял. вяцк., перм., паўд.-дзвін., урал. зу́хать, зу́хнуть ’крычаць’, аднак іншы рэгіён пашырэння не дазваляе гаварыць пра дзеяслоў як крыніцу назоўніка.

Зухва́л ’свавольнік’ (Нас.). Укр. зухва́лець ’тс’, зухва́лий ’свавольны’, польск. zuchwały ’свавольны, смелы’. Верагодна, зухва́лы ’дзёрзкі’, ст.-бел. зуфалы і іншыя з польск. (Булыка, Запазыч., 124). Андзел (Укр. слов’янознавство. З, 113) лічыць, што зуфальство ў Скарыны з чэш. Магчыма. Зухвал утворана шляхам адсячэння суфікса ‑ец/‑ца ці ад прыметніка на бел. глебе (націск!). Польск. zuchwały, zuchwalec, н.-луж. zuchwały, zufały, ст.-чэш. zúfalý, zúfalec ’тс’. Паводле Брукнера (657), польск. з *z‑upwały ’такі, што страціў давер’ (upwę, ufanie), дзе корань *pъw‑ той самы, што ў пэўны (гл.).