Зубы́1 ’карункі, звязаныя зубцамі’ (навагр., Нар. сл.), зубэ ’карункі’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.). Рус. разан. зубья, ніжнегар. зубцы́ ’тс’, н.-луж. zubki ’карункі на жаночых сукнях’. Перанос па падобнасці знешняга выгляду на карункі ад зуб1 з афармленнем па мн. л.

Зубы́2 ’спарыння’ (пухав., Жыв. сл.), зуб ’буйное чорнае зерне ў жыце’ (чэрв., Нар. лекс.). Слова зуб1 уваходзіць у шэраг назваў раслін у слав. мовах, напр. у чэш., славен., верагодна, па падобнасці лісця ці насення. Бел. зубы паводле формы ражкоў, што ўзнікаюць на жыце і ў іншых каласах замест зярнят (хвароба злакаў Claviceps purpurea). Лекс. Палесся, 71.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)