Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скня́га ‘скнара’ (Барад.). Да кня́гаць ‘канючыць, выпрошваць’, гл.

Ско́ба ‘дручок, палка (у плоце)’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да ска́ба (гл.).

Ско́бля ‘цяслярская прылада ў выглядзе нажа з ручкамі на канцах (ТСБМ, Шат., Касп., Яшк. Мясц., Бяльк., Варл., Янк. Мат., Сл. ПЗБ), скабёлка ‘тс’ (Касп.), скабялёк ‘струг з адной ручкай’ (Нік. Очерки). Укр., рус. ско́бель, рус.-ц.-слав. скобль, польск. skobla, чэш. skoble ‘жалезная скобка ў хамуце’, славац. skobľa, славен. skȏblja, серб.-харв. ско̎бља дыял. ‘клямар’, балг. ско́бел. Прасл. *skobelь, *skobla. Ад страчанага яшчэ на праславянскім узроўні, як мяркуе Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), *skobiti, параўн. аднак скабіць (гл.), каш. skobić ‘здзіраць кару з дрэва’ (гл. SEK, 4, 281), з суф. ‑elʼ‑, ‑lʼa. Параўн. літ. skõbti, skobiù ‘скрэбці, зрываць’, skabýti, skabaũ ‘тс’, skabùs ‘востры’, лац. scabō, ‑ere ‘скабліць, скрэбці, часаць’, гоц. skában ‘скрэбці, стрыгчы’ і інш. Гл. Траўтман, 262; Мюленбах-Эндзелін, 3, 863; Вальдэ-Гофман, 2, 484; Фасмер, 3, 643. Младэнаў (584) выводзіць ад *skoba (гл. скаба́); Брукнер (494) таксама параўноўвае формы, што адпавядаюць скаба́ і скобля. Гл. яшчэ БЕР, 6, 761; Сной₁, 573.

Ско́варад ‘калодзезь з ланцугом, прымацаваным да вала’ (Сцяшк.). Гл. коварат2.

Ско́гат ‘віск, енчанне’ (Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Мядзв.). Гл. скагатаць. Сюды ж ско́гліць ‘вішчаць (пра сабак і парасят)’ (Шымк. Собр.), ‘скавытаць’ (ТС), ‘плакаць, хныкаць’ (Растарг.), ско́гліць, скаго́ліць ‘брахаць з завываннем (пра сабак); голасна плакаць з усхліпамі’ (Варл.), параўн. укр. ски́глити ‘кігікаць (пра кнігаўку)’, дыял. ского́літи ‘тс’, рус. смал. ского́лить ‘вішчаць, енчыць (пра жывёлу)’. Гукапераймальнага паходжання, гл. Фасмер, 3, 644; ЕСУМ, 5, 271.

Ско́іцца ‘адбыцца’ (ТС), ‘знябыцца, абцяжарыцца’ (Варл.). Прыставачнае ўтварэнне ад *kojiti, параўн. укр. ско́їти ‘зрабіць нешта нядобрае, учыніць’; чыстая аснова прадстаўлена ў койкнуць ‘памерці’, гл.

Скок — дзеянне паводле дзеяслова скакаць (гл.) (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), дыял. таксама скік (гл.), скок, ско́кі ‘танцы’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), таксама і скакі, гл. Укр. скок, скік, рус. скок, бранск. ‘скокі, танцы’, ст.-рус. скокъ ‘скакун’, польск., в.-луж., н.-луж. skok, чэш., славац. skok ‘скок’, серб.-харв. ско̑к ‘скок; вадапад’, славен. skòk ‘скок’, балг. скок ‘скок; вадапад’, макед. скок ‘скок’. Прасл. *skokъ, якое мае паралелі ў літ. šókti ‘скакаць; танцаваць’, лат. sâkt ‘пачынаць’, ст.-в.-ням. giscëhan ‘здарацца’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 645 з літ-рай. Борысь (552) параўноўвае яшчэ з літ. kuokìnė ‘вячоркі са скокамі’ < kuokas (старое) ‘скок; скокі’, skúoc ‘гоп!’ і ўзводзіць да і.-е. *(s)kōk‑ ‘хутка рухацца ўгару’ ад і.-е. *kāk‑/ḱāk‑; гл. яшчэ БЕР (6, 766- 767), дзе мяркуецца пра і.-е. корань *(s)kek‑. Гл. скочыць.

Ско́лькі1 ‘плямы тлушчу ў варыве’: жырные сколькі (Куч.). Гл. скалка2.

Ско́лькі2 ‘колькі’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сколь ‘тс’ (ТС). Гл. колькі. Сюды ж ско́люзна экспр. ‘колькі’ ад асновы *skolʼ‑ (параўн. рус. сколь ‘як многа’) і суф. ‑уз‑, які выражае значэнне вялікай колькасці, адсюль сколю́знасць ‘багацце’ (Мат. Гом.).

Ско́ма ‘аскома’ (Бяльк., Байк. і Некр.; ТС; гродз., Нар. лекс., Скарбы), ‘ахвота’ (Мат. Гом.). Гл. аскома.

Ско́міць ‘скрыпець’: скоміл чабатамі (ваўк., Рам.). Рэдкая фіксацыя бяссуфікснага дзеяслова ад ском‑ у зыходным (“слыхавым”) значэнні. Гл. наступнае слова.