Мацю́ка ’булавападобная палка’ (Клім.). З польск. maczuga ’дубіна’, ’булава’.
Ма́ця ’матка’ (Пан. дыс.). Да ма́ці 1 (гл.). Нязвыкласць канчатка ‑і ў наз. ж. р. прывяла да мены яго на ‑я, таму што форма маці разумелася ва ўшацкіх гаворках як Р. скл.
*Мацяжа́нка, матежа́нка ’чобор звычайны, Thymus serpyllum L.’ (лельч., Бейл.), мацержанка ’чабор украінскі, Thymus ucrainicus Klok.’ (гродз., Кіс.), ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’, ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (гродз., Кіс.). З польск. macierzanka ’чабор’. Матывацыя — гл. мацярду́шка.
Мацяжына ’балоцвіна, мокрае месца, дзе растуць журавіны’ (Левановіч, «Звязда», 15, 1.1989). З польск. macierzyna ’мацярызна’: відаць, калісьці гэта быў луг, дадзены камусьці ў спадчыну па мацеры. Гл. мацярызна.
Мацяра́нка гродз. мацеранка ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (Кіс.), мацёра́нка ’нейкая краска’ (Бес.). З польск. macierzanka, магчыма, утворанага ў выніку кантамінацыі польск. macierzyca і majoranka (якія таксама азначаюць ’мацярдушка’) пры ад’ідэацыі польск. macierzanka ’чабор’. Параўн. ваўк. мацяжа́нка ’мацярдушка’ (Сл. ПЗБ).
Мацярду́шка ’расліна Origanum vulgare L.’ (вільн., гродз., брэсц., маг., Кіс.; Маш.); ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (гродз., маг., Кіс.), ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’ (гродз., Сцяшк.). Назва гэтых раслін перанесена з назвы набору (Thymus serpyllum L.) ⁺мацерына душа (параўн. укр. материнка, материна душка, рус. маткина душа, ст.-польск. macierza duszka, польск. macierduszka, чэш. mateřídouška, ст.-чэш. mateřie dúška, славац. materina dúška, славен. máterna dúšica, серб.-харв. ма́јкина (ма̏терина) ду̀шица, балг. ма̀щер(и)ка — усе яны з’яўляюцца перакладам лац. Matris animula, пададзенага біскупам Ісідорам Севільскім (VI–VII стст.) у кнізе «Origines», які выкарыстаў сюжэт антычнай легенды, у якой расказваецца аб тым, як дзеці-сіроты старанна прыходзілі да матчынай магілы, маці іх стала шкада, і яе душа вярнулася з неба і пасялілася ў дробналістай красцы з прыгожым пахам. Дзеці адразу пазналі душу сваёй маці і назвалі краску мацярдушкай (Махэк₂, 355). Са словазлучэння мацерына душа ў слав. мовах утварыліся намінацыі накшталт бел. мацярынка, мацярыца, польск. macierzanka, чэш. mateřenka і да т. п. (гл. таксама Фасмер, 2, 582; БЕР, 3, 700–701; Махэк, Jména, 202; Урбуціс, Baltistica, 15, 155).
Мацяроз, мацеру͡оз ’гай (зараснік) каля хаты’ (Федар., 7). Няясна. Паводле тлумачэння аўтараў лінгвістычнага каментарыя (там жа, 582), выраз, у якім сустрэлася гэта слова, у густуом мацеруо̑зі з’яўляецца аналагічным да іншага: у густом ачаруо̑дзі, што азначае ’ў густым чароце’. У такім выпадку мацеруо̑з — скажонае чарот.
Мацяры́зна ’зямельная або маёмасная ўласнасць, атрыманая ў спадчыну па мацярынскай лініі’ (Гарб.; Працы, 8, Нас.; шчуч.,͡ Сцяшк. Сл.), ст.-бел. материзна, матерызна ’мацярынская спадчына’ (XV ст.), люди материзные ’адзін з відаў прыгонных’ запазычаны са ст.-польск. macierzyzna ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78).
Мацяры́к 1 ’вялікая частка сушы, якая абмываецца марамі і акіянамі’, ’пласт зямлі пад глебай’ (ТСБМ). Запазычана з рус. материк ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72), якое (паводле Бернекера, 2, 25) з рус. матерой, матёрый. Параўн. таксама яшчэ ст.-рус. материкъ ’высокая мясціна (у процілегласць нізкаму месцу)’, ’высокі бераг ракі ці возера’. Усходнеславянскае.
Мацяры́к 2 ’мат, лаянка’ (Юрч.). Зваротнае ўтварэнне ад рус. материться, якое да матер‑, маці (гл.).
Мацяры́нка 1, матэрынка, мацеры́нка ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (Анох., бяроз., Нар. лекс.; Мат. Гом., Ян., ТС). Узнікла ў выніку намінацыі словазлучэння з прыметнікам мацерына. Матывацыя — гл. мацярдушка.
Мацяры́нка 2, матері́нка ’гусялапка звычайная, Alchemilla vulgaris L.’ (лельч., Бейл.). Намінізаваная калька з ням. Mutterkraut ’расліна мацерын корань, які немкі ўжывалі супраць бясплоднасці’ (Махэк, Jména, 109).