Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Скі́рыцца. Гл. папярэдняе слова.

Скі́рыць, скі́рыцца: скірыты (зубы) ‘смяяцца, насміхацца’ (брэсц., пін., З нар. сл.), скы́рытыса ‘смяяцца’ (Сл. Брэс.). Гл. ске́рыць.

Скіта́цца ‘блукаць, бадзяцца; вандраваць’ (Касп., ТС, Ян., Сержп. Прымхі; в.-дзв., узд., шальч., Сл. ПЗБ), скі́тнік ‘бадзяга’, ‘адзінокі чалавек’ (Ян.). Параўн. укр. скита́тися, рус. скита́ться ‘тс’, славен. дыял. skítati se, серб.-харв. ски́тати се, балг. скитам (се), макед. скита се, ст.-слав. скытати сѧ. Прасл. *skitati sę, роднаснае літ. kutéti ‘устрэсваць’, kutrùs ‘бойкі’, ст.-ісл. skunda ‘хутка збіраць, прыбіраць, спяшацца’, ст.-в.-ням. scutten ‘трэсці, штурхаць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 641; Шустар-Шэўц, 1289 (адносіць сюды в.-луж. skićić, чэш. skytati, славац. skytať з развіццём значэння ‘бадзяцца’ ≥ ‘прапаноўваць сябе’); Куркіна, Этимология–1971, 75; SEK, 4, 307–308.

Скі́цер ‘кавалак (сала)’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ‘вялікі кусок сала’ (бярэз., бых., кіраў., ЛА, 4), скіце́р ‘свежаніна, якую даюць суседзям, родным’ (Мат. Гом.), ст.-бел. скитера (скитерть) ‘кавалак сала’ (1530 г., Булыка, Лекс. запазыч., 119). Паводле Непакупнага (Связи, 195–196), слова ў формах скіцер, аскіцер паходзіць з літ. sketerà ‘шыя (жывёліны); карак’, sketẽrius ‘тс’, ‘кавалак сала’, якое ў значэнні ‘свежаніна; кавалак мяса або сала, што нясуць суседзям пасля забою свінні (цяляці, авечкі)’ распаўсюджана ў Жлобінскім р‑не, на Чачэршчыне і ў Быхаўскім р‑не. Аднак, паводле яго заўвагі, ‑і‑ застаецца няясным. Агляд літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 50.

Скі́чка ‘блыха’ (смарг., Сл. ПЗБ), skiczki ‘блохі’ (Арх. Федар.). Утворана ад скікаць, гл. скік.

Склад 1 ‘месца захоўвання (тавараў, матэрыялаў і пад.)’, ‘састаў’, ‘стан’, ‘постаць, целасклад’, ‘манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Байк. і Некр., Варл., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ), ‘лад, логіка, стройнасць’ (Пятк. 2), ‘штабель дроў’ (Шатал.), ‘павець’ (Сл. ПЗБ), скла́дзік ‘кладоўка’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Жд. 1), склада́нец ‘постаць, целасклад’ (Ян.), ст.-бел. складанка ‘збор, даход’ (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны дэрыват ад скласці, складу < класці (гл.). БЕР (6, 754) на падставе агульнаславянскага распаўсюджання, параўн. рус. склад, польск. skład, чэш. sklad і г. д. узнаўляе прасл. *sъkladъ, але гэта няпэўна з прычыны прадуктыўнасці словаўтваральнай мадэлі. Значэнне ‘састаў’, магчыма, калька польск. skład ‘тс’, але яе практычна нельга адрозніць ад уласнабеларускага ўтварэння; аналагічна значэнне ‘спецыяльнае памяшканне’, што для старабеларускай і рускай выводзіцца з польск. skład ‘magazyn’ (Віткоўскі, Słownik, 173; Гарбуль, Slavistica Vilnensis, 2004, 171).

Склад 2 ‘адзінка вымаўлення, сілаба, частка слова’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Гарэц., Шат.; ашм., Стан.). Слова як лінгвістычны тэрмін з’явілася ў XIX ст. (Гіст. лекс., 250). Да складаць < класці; параўн. і рус. читать по складам ‘аб тым, хто яшчэ не ўмее бегла чытаць’, а таксама слог ‘склад’ < сложи́ть ‘скласці’.

Склад 3 ‘дзве барозны ворыва, пласты якіх пакладзены адна на другую’ (Шат., Шатал., Сцяшк., Дэмб., Юрч., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Выг., Варл., Стан., Жыв. сл.), ‘узараны загон з двайной баразной пасярэдзіне’ (Яшк.), ‘частка загона’ (гом., Нар. словатв.). Укр. орати у склад ‘араць, пачынаючы з сярэдзіны загона такім чынам, што пласты кладуцца ўсярэдзіну’, чэш. orati do skladu ‘тс’, польск. skład ‘сярэдняя ўзвышаная частка загона’, славац. sklad ‘тс’, серб.-харв. скла̑д ‘склад’. Этымалагічна тое ж, што і склад 1. Спецыяльна гл. Махэк₂, 251–252.

Склада́нчык ‘складаны нож’ (ТСБМ, Янк. 3., Мат. Гом.), склада́нік ‘тс’ (Касп.). Кандэнсацыя словазлучэння складаны нож, параўн. склада́ны но́жык ‘тс’ (Варл.), да складаць < класці (гл.).

Складу́жына ‘пакосы, якія кладуцца адзін на другі’ (Сл. Брэс.), складзю́жыны ‘два радкі сена, якія паклаліся адзін на адзін’ (Выг.). Да скласці, складу або да склад (гл.) з суф. ‑ін(а) праз прамежкавую ступень *складуга (*складзюга), пра суф. ‑уг(а) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 66.

Склане́нне ‘змяненне па склонах’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Як і рус. склоне́ние ‘тс’, з польск. skłonienie, што калькуе лац. inelinatio, deklinatio ‘тс’ (Кохман, Stosunki, 126), параўн. сучаснае польск. deklinacja ‘тс’. Гл. склон.

Скла́пка ‘стрэмка’ (круп., Жыв. сл.). Відаць, да скабка 1 (гл.) пад уплывам склобка ‘скобля’ (гл.), параўн. укр. засколобипи ‘застраміць’ (< *skolbiti, гл. Варбат, ОЛА, Исследов., 1975, 137). Да змяшэння асноў параўн. скабі́ць і скло́біць ‘скрэсці бульбу’ (Мат. Гом.).